Династия семьи Авдошко: профессионализм, старательность, ответственность

Общество

Кажуць, што выдатны спецыяліст, прафесіянал пачынаецца з добрага чалавека. Сапраўды, шчырыя, сумленныя людзі і працуюць заўзята, з душой. Часта прафесія становіцца не проста свядомым выбарам, а яшчэ і сямейнай традыцыяй. Менавіта такімі адданымі сваёй справе работнікамі можа пахваліцца РВУ “Ушачырайгаз”: дынастыя сям’і Аўдошка заўсёды паказвае прыклад у рабоце, прафесіяналізм і адказнасць.

Сонечная марозная раніца, празрыстае паветра, срэбраныя колеры апошняга месяца зімы – так па-ўзнёсламу паэтычна пачынаецца дзень. Але ж Аляксандру Іванавічу і Максіму Аляксандравічу Аўдошкам не да лірыкі: трэба падрыхтаваць тэхніку да чарговага рабочага дня. Аляксандр Іванавіч працуе ў РВУ “Ушачырайгаз” вадзіцелем па дастаўцы газу насельніцтву ўжо не першы год, а таму ведае гэтую справу, лёгка спраўляецца з ёй. Дапамагае і тое, што А.І.Аўдошка – мясцовы, родам з вёскі Заазер’е Ушацкага сельсавета. Пасля заканчэння школы і вучылішча па спецыяльнасці “вадзіцель-трактарыст” быў накіраваны выконваць інтэрнацыянальны доўг у Афганістан. Атрымаў спецыяльнасць мінамётчыка, аднак у атрадзе выконваў абавязкі наводчыка БТР. Дарэчы, разам з ім на заставе служыў і яго брат-двайнік Анатолій. Абодва браты ўзнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”. Пасля службы Аляксандр Іванавіч пэўны час працаваў вадзіцелем, станочнікам у розных арганізацыях раёна, з восені 1998 года – вадзіцелем у РВУ “Ушачырайгаз” вадзіцелем. Праявіў сябе як вельмі адказны, старанны працаўнік. Прымае ўдзел у спартыўных мерапрыемствах. Любіць рыбалку, асабліва зімнюю, але, як прызнаецца, вольнага часу на гэта не хапае: па выхадных сям’ёй ездзяць да маці ў Заазер’е. Нядаўна калегі заўважылі і цудоўныя вакальныя даныя Аляксандра. Як кажуць, таленавіты чалавек асаблівы ва ўсім!

У 2010 годзе ў РВУ “Ушачырайгаз” з’явілася вакансія слесара, якую заняў сын Аляксандра Іванавіча – Максім. Зараз хлопец з’яўляецца студэнтам завочнага аддзялення Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, аднак, па яго словах, вучоба не перашкаджае працы. Як і бацька, захапляецца спортам, прымае ўдзел у гульнях па хакеі. Любіць паляванне.

Так атрымалася, што бацька і сын працуюць на адной машыне: разам рыхтуюць тэхніку да выездаў, разам дастаўляюць газ насельніцтву.  Глядзіш на іх – маладых, прыгожых, адкрытых – і пераконваешся, што лёсам сваім яны задаволены, што самі яго гаспадары. “Калі ўзяўся за справу – трэба рабіць як трэба, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. Будзеш працаваць – будуць і поспехі, а значыць і асалода ад працы”. Напэўна, гэта жыццёвая формула не пакідае месца развазе і сумненням, не дазваляе шкадаваць пра зроблены выбар. Максім раздзяляе погляды бацькі. У дынастыі Аўдошак ва ўсім поўная згода. Інакш не было б і дынастыі, працягу сямейных традыцый. І гэта добра, бо на кім, як не на іх, шчырых працаўніках і сумленных людзях, трымаецца родная зямля.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *