Вайна ў Афганістане, у якой прымалі ўдзел савецкія войскі, працягвалася 9 гадоў 1 месяц 21 дзень. Інтэрнацыянальны абавязак выканалі амаль 30 тысяч беларусаў, з іх больш за 700 чалавек загінула. 870 салдат і афіцэраў вярнуліся з вайны інвалідамі. Каля 2000 чалавек атрымалі раненні, кантузіі або былі знявечаны. Пасля заканчэння баявых дзеянняў і да нашага часу памерла 9,5 тысяч удзельнікаў той вайны.
Не далічылася сваіх грамадзян і Ушаччына. Трое ўдзельнікаў вайны ў Афганістане вярнулася дадому ў цынкавых трунах на “чорных цюльпанах”. У мірны час памерла ўжо дзевяць воінаў-інтэрнацыяналістаў.
На сённяшні дзень раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” налічвае 37 удзельнікаў. Адзін наш зямляк – Пётр Міхайлавіч Турчыновіч – узнагароджаны Ордэнам Чырвонай зоркі; Аляксандр Іванавіч і Анатолій Іванавіч Аўдошкі, Мікалай Рашыдавіч Джураеў, Пётр Пятровіч Крупеня, Мікалай Віктаравіч Падсаднік, Андрэй Васільевіч Пранік і Аляксандр Валянцінавіч Ядрэўскі – медалём “За баявыя заслугі”; Ігар Віктаравіч Лёля, Анатолій Валянцінавіч Рудкоўскі – медалём “За адвагу”. Кожны год у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – 15 лютага – яны збіраюцца разам, наведваюць магілы баявых таварышаў, ушаноўваючы памяць аб іх.
Напярэдадні гэтай падзеі ў райвыканкаме адбылася сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў нашага раёна. Правёў яе старшыня раённай арганізацыі РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” А.В.Рудкоўскі. Падчас пасяджэння савета арганізацыі ў яе склад былі прыняты новыя члены, абраны ўдзельнікі абласной канферэнцыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая пройдзе 19 сакавіка. Адразу ж была праведзена і канферэнцыя, падчас якой вырашаны актуальныя пытанні дзейнасці арганізацыі, распланаваны дзень 15 лютага.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.