Грамат рознага кшталту ў ляснічага Плінскага лясніцтва хапае, але самай пачэснай ён лічыць тую, дзе запісана, што дынастыя Баратынскіх – другая па колькасці адданых галіне год у рэспубліцы і першая – у вобласці: 178 вёснаў і зім. З іх 30 – у Аляксандра Станіслававіча, і хутка 20, як ён узначаліў лясніцтва. Хаця гэтыя лічбы – толькі па запісах у працоўных кніжках, а на самой справе намнога-намнога больш, бо сваю першую елку Аляксандр пасадзіў яшчэ дашкольнікам.
Сямейную дынастыю заснаваў ляснік Касарскога лясніцтва Станіслаў Пятровіч Баратынскі. Па яго слядах пайшоў старэйшы сын Віктар, Канстанцін доўгі час узначальваў Кубліцкае лясніцтва, а зараз – Полацкі лясгас. Бухгалтарамі ў галіне працуюць дзве Алены Сямёнаўны – нявесткі поўныя цёзкі, вось і жартуе Аляксандр Станіслававіч, што не мог ён жыць разам з братам у Кублічах – лісты б не даходзілі. Таксама ва Ушацкім лясгасе працуюць яго дачка і зяць. А Плінскае лясніцтва ведае толькі двух кіраўнікоў – яго і папярэдніка Якава Паўлавіча Мірановіча, стаж якіх роўны спеламу лесу.
А 25 год таму А.С. Баратынскага амаль сілком накіраваў у Пліна памочнікам ляснічага тагачасны дырэктар Ушацкага лясгаса М.Д.Бабаедаў. Малады спецыяліст, які год пабыў майстрам у Кублічах і чатыры – у Касарах, не збіраўся пакідаць бацькоўскі дом. Але Мікалай Дарафеевіч знайшоў чым спакусіць: распісаў рыбаку і паляўнічаму прыгажосць азёрных мясцін ды нават участак пад яго ўласны дом падабраў. “Тут будзеш будавацца”, – паказаў на пустыр за памяшканнем лясніцтва. Я, канечне, потым абышоў усё Двор Пліна, прыглядаўся, а ў выніку вырашыў, што лепшага сапраўды не знайсці – у цэнтры, два крокі да школы, работы, пошты, магазіна – і быццам на хутары – нікога побач”.
Азёр і рэк на тэрыторыі Плінскага лясніцтва, сапраўды многа – 42, і месцы для адпачынку што на матырынскіх азёрах, што на Баравёнку, што на Язна – шыкоўныя. Праўда, для работы гэтыя выгоды абярнуліся дадатковымі праблемамі. Большая палова зямель Плінскага лясніцтва на карце пазначана фіялетавым колерам – знаходзіцца ў водаахоўнай зоне. А клопату з такім лесам намнога больш. Напрыклад, там забаронены суцэльныя высечкі. Санітарная рубка або асобна ліставых парод патрэбна, таму ўсё роўна абыдзеш кожнае дрэва – а прадукцыі атрымаеш менш і затраціш больш часу. Паспрабуй выцягнуць з пасадак і вывезці з мокрых нізін. А яшчэ на прывабных мясцінах заўжды шмат людзей, а менавіта з-за кінутых імі запалак і гарыць пераважна лес.
Усе самыя экстрэмальныя вытворчыя выпадкі ў А.Баратынскага звязаны якраз з тушэннем лясных пажараў. Сапраўдная пастка падсцерагала яго на балаціне за Росна. Палаў лес на мяжы з Полацкім раёнам, на тушэнні, як і водзіцца – увесь штат лясніцтва, і Аляксандр Станіслававіч, пераканаўшыся, што ў адным баку агонь сцішылі, пабег напрамкі правяраць, як трымаецца супрацьлеглы. Здавалася, усё кругом роўна, але ледзь паспеў зачапіцца за краі расліннасці над чорнай палонкай: зямля правалілася на месцы выгарэўшага торфу. Ды на спалох не было часу, выбраўся і зноў пабег наперад па “мінным” полі. Не заўсёды называлі гарэлым і балота на БАМе. “Агонь па лесе бяжыць хутчэй, чым чалавек. Калі спачатку думаў, як патушыць, то потым – толькі б вывесці людзей, – прыгадвае Аляксандр Станіслававіч. – Нават думкі пра чужы трактар, які мы “пазычылі” на дапамогу, адышлі на другі план – ён заглох, скончылася салярка, а вецер гнаў агонь якраз у тым напрамку. На апошніх хвілінах падаспеў з палівам механізатар і выехаў… Усё, на шчасце, абышлося. Толькі лес не вернеш, які так доўга рос”.
Затое ля яго дома ўжо стаіць вялізная алея. Елка калючая, што ў народзе завецца блакітнай, каштан, лістоўніца, арэх манчжурскі, псеўдатсуга. Прызнаецца, што з лесу, пасаджанага яго рукамі, ужо атрымаецца неблагая лазня. А самы сталы яго “кругляк” – ля Мірнага: не было з кім пакінуць малога, вось і хадзіў на работу з бацькам.
Напэўна, гэтыя паветрана-працоўныя прагулкі зрабілі такім загартаваным арганізм. Мінулай восенню А.Баратынскі ўпершыню за 30 год узяў бальнічны. Ён не проста моцны – спартыўны. Валейбол, футбол, лыжы – і зараз лёгка прабяжыць па снезе пяцікіламетроўку. Прадстаўляе каманду лясгаса практычна ў любым відзе. І нават плавае выдатна, хоць касарчане, што выраслі без блізкага вадаёма, як правіла, дрэнна трымаюцца на вадзе. Невыпадкова Аляксандр меў першую групу здароўя, таму і ў армію трапіў у марскую пяхоту. А ў ваенкамаце яго і сябра Мікалая Рахманенку доўга сваталі на паступленне ў лепшыя ваенныя вучылішчы Саюза. Толькі са спецыяльнасцю аднакласнікі і аднавяскоўцы ніколі не вагаліся. Ведалі дакладна – хочуць працягваць справу бацькоў.
Першы працоўны дзень Аляксандра не быў азнаямляльным. Маладога майстра памочнік Кубліцкага лясніцтва Леанід Андрэевіч Івашчанка накіраваў самастойна выдзяляць дзялянку ў 62-ім квадраце. Бусоль у рукі – і запісваеш пароду, вышыню, дыяметр кожнага дрэва. Ён быў першым настаўнікам, як потым Алег Сцяпанавіч Рахманенка, Леанід Пятровіч Раманоўскі.
Зараз Аляксандр Станіслававіч сам прымае маладую змену, а нярэдка і дапамагае майстрам, якіх, як зараз, не хапае. У цяперашні час плінскія лесаводы адпускаюць драўніну ў Селішчанскай пушчы, па якой пройдзе лясная дарога: ужо трэцяя на тэрыторыі Плінскага лясніцтва, што будуе лясгас. Паралельна ідзе выразка лесапавалу, які ўтварыўся пасля нядаўняга ўрагану, і менш напружаная, але таксама вельмі важная ў цыкле лесадоглядных работ працэдура нарыхтоўкі шышак. Усё згодна планаў, якія ў лясной галіне наконт высечак робяцца нават не на пяцігодку, а на дзве. Ёсць, канечне, і бягучыя задачы, аднак такія ж абавязковыя. Ва Ушацкім лясгасе дысцыпліна без перабольшвання вайсковая. І калі генеральнага дырэктара Віцебскага абласнога аб’яднання, як і дырэктара лясгаса С.А.Даніловіча работнікі паміж сабой пачэсна называюць генераламі, то ляснічыя – як мінімум маёры, якія ўмеюць любой цаной выконваць пастаўленыя задачы. Ды і зялёная форма сядзіць на А.Баратынскім, пагадзіцеся, па-афіцэрску.
Вольга КАРАЛЕНКА.