«Не чувствую себя на 90». Ольга Вандиловская принимала поздравления с почтенным юбилеем

Общество

“Напэўна мне прыпісалі гадоў, я не адчуваю сябе на 90″, – бадзёра кажа Вольга Андрэеўна Вандзілоўская, прымаючы чарговыя віншаванні. Жанчына не хітруе, хоць і выдатна ведае, што дата запісана правільна. Усю вайну пранасіла ў кішэні метрыкі. Проста даў Бог сустракаць такі пачэсны юбілей і на сваіх нагах, і ў выдатнай памяці. Ды і памяць людзей, што ў розныя гады былі з ёю побач, не падвяла.

“Як добра, што ты сустрэлася на маёй жыццёвай сцяжынцы…” – Вольга Андрэеўна дае мне прачытаць глыбокі ліст-роздум ад М.С.Каплеўскай, а сама тым часам прагна вывучае прысвечаныя ёй радкі ў “Патрыёце”. “Трэба ж, супрацоўнікі музея павіншавалі, а я ж там толькі паўтара года папрацавала. – Жанчына вяртаецца ў думках у некалькі дзесяцігоддзяў таму і разважае. – Я сапраўды заўсёды імкнулася рабіць людзям дабро і шчыра перажывала за кожнага. Сама расла сіратой, памятаю, як мяне “паразмаўляць” клікала маміна сяброўка, а на самой справе хацела пакарміць. Таксама як і выкладчыца Смальянскага тэхнікума, якая прасіла зайсці быццам бы дапамагчы ёй. У латанай сукенцы басанож хадзіла. Настаўніцай не стала, хоць і паступіла ў Аршанскі тэхнікум, бо калі вярталася пасля экзаменаў, нас з сяброўкай ссадзіў за безбілетны праезд кантралёр, і мы 38 кіламетраў ішлі пешшу. Разумела, што грошай на білет мне не адшукаць, вось і вучылася бліжэй да дому. “Што ж у калгасе не ўзяла мяшок бульбы”, – здзівіўся старшыня “Чырвонай Полаччыны”, калі я ўжо працавала. А я не магла. Купіла вядро. Сорамна прыгадваць, але калі-нікалі пазычала ў гаспадыні, у якой жыла на кватэры, у падполлі па тры бульбіны, каб маё вядро не так хутка заканчвалася”.

17 год правяла Вольга Андрэеўна фактычна на полі гэтай гаспадаркі: на сяўбе, жніве, касавіцы. Адтуль яе ў самым пачатку кар’еры накіравалі на выставу дасягненняў сельскай гаспадаркі ў Маскву. Прычым па-за квоты: з калгаса ўжо быў запісаны перадавік-аўчар, але заўважыўшы, як шчыравала на копцы бульбы аграном (на рахунку В.Вандзілоўскай было больш за ўсіх вядзёр), кіраўніцтва раёна выдзеліла дадатковае месца.

У В.Вандзілоўскай пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў – старэйшая з іх ужо вучыцца ў медыцынскім універсітэце ў Маскве.

Ну а ў 70-м яна ўзначаліла калгас. Невялікі, у які ўваходзілі вёскі Рагуцкія, Звонь, Бараўцы, Вуглы. Якой там была абстаноўка, сведчыць толькі адна фраза, калі жанчыну ў вобласці ўгаворвалі ўскласці на сябе гэтую ношу… “Можаце нічога асабліва не рабіць, толькі не піце”. Не рабіць яна проста не ўмела, таму пачала барацьбу за дысцыпліну. У чатыры раніцы абыходзіла дамы, дзе жылі маладыя механізатары, будзіла, дамаўлялася з іх матулямі, каб пракантралявалі. Убачыўшы, што не даіліся каровы, сама неаднойчы брала ў рукі апарат – пазней пабудавалі ферму з малакаправодам. Каб раздабыць камбікорм, ездзіла на прыёмы да міністра сельскай гаспадаркі. А аднойчы ў гэтым спрыяў сам У.Е.Лабанок. З намеснікам старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета пазнаёмілася падчас адкрыцця “Прарыву”. “Напішыце добры нарыс пра адзіную ў раёне жанчыну-кіраўніка гаспадаркі», – папрасіў тады Уладзімір Елісеевіч Петруся Броўку, а сам сказаў ёй пры патрэбе звяртацца. Вольга Андрэеўна ехала як звычайна ў міністэрства, а паколькі кіраўніцтва на месцы не аказалася, вырашыла скарыстацца запрашэннем. Да Лабанка, аднак, яе не прапусцілі. Але ж не вяртацца з нічым. І Вольга Андрэеўна каравуліла, пакуль ён не пойдзе на абед. Уладзімір Елісеевіч прыгадаў жанчыну і, канечне, дапамог.

Праз пэўны час у яе кабінеце ўжо стаялі вымпелы за перамогу ў нарыхтоўцы малака, мяса, ільну і аднойчы – бульбы. Апошнюю садзілі і капалі выключна ўручную, і яна прыдумала, дзе адшукаць дапамогу. Падзараблялі на палях “Зары камунізму” нават адпачываючыя пансіяната “Лясныя азёры”. Удзячна яна і шэфам, некаторыя з-за павагі да жанчыны на касавіцу няўдобіц прыязджалі, хоць і не былі замацаваны за яе гаспадаркай.

Самым непрацяглым у кар’еры аказалася кіраўніцтва райсабесам – не дазволіў характар. Тады ў сацыяльную службу ішлі з усімі просьбамі. Інвалідаў вайны шмат было – каму сена, каму паліва. Звязвалася з кіраўнікамі гаспадарак – слухалі і дапамагалі. “А аднойчы жанчына прыйшла дзякаваць, інвалід І групы, яблыкі прынесла. Я іх узяла, каб не пакрыўдзіць, а сама ноч праплакала… разумела, каму першую групу даюць, а ў яе двое дзяцей невялікіх. Раніцай і папрасіла пашукаць мне іншае месца”, – Вольга Андрэеўна і сёння памятае прозвішчы тых людзей – праблемы кожнага сапраўды прапускала праз сэрца.

Кіраўніком аказалася яна і на глыбокай пенсіі – падсобнай гаспадаркі праваслаўнага прыходу ва Ушачах. “Ішла будоўля, грошы збіралі з міру па нітцы, больш за іншых хадзіла па арганізацыях Вольга Андрэеўна, – расказвае айцец Вячаслаў. – А яшчэ ўзяла на сябе асноўны клопат пра наш агарод плошчай з гектар. Я яшчэ нікога не ведаў у раёне, яна ж такая актыўная, граматная – дамаўлялася з трактарыстамі, каб узаралі, кантралявала рост, палола разам з іншымі. Ураджай мы потым прадавалі. Хочацца, каб сённяшнія наведвальнікі храма ведалі: у тым, што ён ёсць – вялікая заслуга Вольгі Вандзілоўскай”.

Таму міжволі каціліся па шчаках жанчыны слёзы, калі на парозе яе дома з’явіліся айцец Вячаслаў, цяперашні настаяцель храма айцец Аляксандр і яго памочнік Яраслаў, а таксама прыхаджане – сяброўкі Вольгі Андрэеўны. Свяціліся вочы, калі расказвала, што яшчэ адзін букет – ад праўнука Антошкі. Першым жа 5 лютага павіншаваў сын Іван – галоўны хірург ваеннай акругі Падмаскоўя. Ніколі не працаваў ён у раёне, а жанчына з Ільюшына ўдзячна за выратаванне сына-вайскоўца менавіта Івану Іванавічу Баранаву. Вольга Андрэеўна даведалася пра гэта нядаўна. А добрыя словы пра родных чуць яшчэ прыемней, чым пра сябе саму. Дарэчы, Пятрусь Броўка з-за занятасці пра яе артыкул не напісаў, затое гэта неаднойчы рабілі карэспандэнты розных газет, у тым ліку ў розныя гады і “Патрыёт”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *