Кожнае новае пакаленне нараджае свае жанры і напрамкі ў музыцы. Аднак над многімі творамі ні час, ні мода непадуладныя. Яны гучаць гэтак жа звонка, як і 10, 20, 50 гадоў таму. Усё гэтак жа хвалююць сэрцы людзей, уздымаюць настрой, “і будаваць, і жыць дапамагаюць”… Менавіта такія мелодыі гучалі на мінулым тыдні на сцэне Ушацкага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе праходзіў раённы конкурс маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”.
Каб заваяваць прыхільнасць кампетэнтнага журы і гледачоў, у кожнага з удзельнікаў у распараджэнні было ўсяго два музычныя нумары: з песняй грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі і хітом савецкай, беларускай або замежнай эстрады. Як і раней, пры вызначэнні лепшага вакаліста ацэньваліся не толькі ўзровень выканальніцкага майстэрства, але і сцэнічная культура, артыстызм.
Упершыню прымаў удзел у гэтым конкурсе вучань Ушацкай школы Ягор Обух. Як прызнаўся юны артыст, вельмі адказна падышоў да выбару кампазіцый. Так, “Ліст” У.Высоцкага і “Там, дзе клён шуміць” Л.Шышко дазволілі максімальна раскрыць вакальныя даныя, падмацаваўшы іх яркай харызмай. Гэта адзначыла падчас цырымоніі ўзнагароджання і першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Калбасава, уручаючы хлопцу прыз глядацкіх сімпатый.
Пранікнёным лірызмам, чуллівымі акордамі дзяліліся са сцэны Аляксандра Зільберт і Таццяна Новікава з дзіцячай школы мастацтваў. Розныя па настроі песні – сур’ёзную “З чаго пачынаецца Радзіма” і вясёлую “Хутаранка” – прадставіла выхаванка гуртка пры цэнтры культуры і народнай творчасці Алеся Бойчанка. Пераканаць журы сапраўднасцю, эмацыянальнай падачай кампазіцый удалося Ганне Александровіч з цэнтра дзяцей і моладзі, дарэчы, уладальніцы самай вялікай у гэты дзень групы падтрымкі. Цяжка было ўтрымацца на месцы, каб не пусціцца ў танцы, калі на сцэну з песняй “Фантазёр” выйшла супрацоўніца Вялікадолецкага СДК Лілія Смаляк. Тэатралізаваныя элементы выкарыстала ў адным з выступленняў юная прадстаўніца Глыбачанскага СДК Ганна Рубіс. А пасля вясёлага “кіношнага” эцюду па матывах “Марша будаўнікоў” у выкананні Аляксандра Грыневіча і яго памочніц з цэнтра культуры і народнай творчасці ў зале доўга не змаўкалі авацыі.
Як адзначыла, падводзячы вынікі конкурсу, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, выканаўчы ўзровень удзельнікаў творчага фестывалю не можа не радаваць: кожнаму выступленню ўласцівыя індывідуальнасць, яркасць, творчы каларыт. Менавіта таму без узнагарод у гэты дзень не застаўся ніхто. А п’едэстал гонару занялі А.Грыневіч, Т.Новікава і Л.Смаляк (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна).
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.