З 1 студзеня 2022 года пачалі дзейнічаць новыя тарыфы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пытанні, якія хвалююць спажыўцоў газу, мы папрасілі пракаменціраваць начальніка Ушацкага раёна газазабеспячэння ВУ “Полацкгаз” Леаніда Віктаравіча РУДАКА.
– Якая цана на прыродны газ устаноўлена для тых, у каго ёсць індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы – газавыя катлы?
– З 1 студзеня і да канца ацяпляльнага сезона (нагадаю, што яго пачатак і канец устаналіўваюцца рашэннем мясцовага выканаўчага органа і залежыць ад умоў надвор’я), кошт аднаго кубічнага метра прыроднага газу будзе складаць 0,1494 рубля. Па заканчэнні ацяпляльнага сезона і да 31 мая за кубаметр прыйдзецца заплаціць 0,5417. А вось ужо з 1 чэрвеня нас чакаюць яшчэ адны змены: плата за прыродны газ для ацяплення будзе спаганяцца па адзіным тарыфе круглы год. Ён складзе 0,1977 рубля за кубаметр. Пры спажыванні звыш 3000 кубаметраў – 0,2570 рубля.
– А колькі каштуе прыродны газ для жыхароў шматкватэрных дамоў?
– Цана на прыродны газ у кватэры шматпавярхоўкі ўстаноўлена ў памеры 0,5417 рублёў за адзін кубаметр.
– Ёсць катэгорыя спажыўцоў, якія поўнасцю пакрываюць выдаткі на аказанне паслуг ЖКГ. Якая цана на прыродны газ у такім выпадку?
– Тарыф, які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат з устаноўленымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу ўстаноўлены ў памеры 0,5688 рублёў.
– Колькі прыйдзецца заплаціць спажыўцу за звадкаваны газ?
– У кватэры шматкватэрнага дома – 1,4669 рублёў за кубаметр пры наяўнасці індывідуальнага вузла ўліку газу, газавай пліты і цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння або індывідуальнага воданагравальніка (за выключэннем газавага). Калі індывідуальнага вузла ўліку газу няма – 4,40 з чалавека.
– Як змяніўся кошт звадкаванага газу ў балонах?
– Цана на звадкаваны газ у 50 літровым балоне вагой 21 кг цяпер складае 21,80 рублёў. Норма спажывання па цане, якая субсідзіруецца дзяржавай, засталася нязменнай – пяць 50-літровых балонаў у год на кожнага зарэгістраванага па месцы жыхарства ўласніка або членаў яго сям’і. Звыш прыгаданай нормы кошт балона будзе складаць 54,8 рублёў.
– Дзе можна набыць звадкаваны газ у малалітражных балонах 5, 12, 27 літраў і колькі ён каштуе?
– Пусты газавы балон аб’ёмам 5, 12 і 27 літраў грамадзянін можа замяніць на балон з газам ва Ушацкім РГЗ (вул.Калінінская, 23А), рэжым работы пункта з 8 гадзін да 17 гадзін без абеду. Кошт замены 5 літровага балона складае 2,74 рубля, 12-ці – 6,85, 27 – 15 рублёў 62 капейкі.
На ўсе пытанні, звязаныя з разлікамі, вам заўсёды адкажуць у раёне газазабеспячэння па тэлефоне 5-71-04.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.