Акцыя “Суперлато – дзецям”, якая стала добрай традыцыяй, прыйшла і ў нашу школу. Стваральнікі тэлепраекта “Суперлато” наведаліся ў Ільюшына з падарункамі – спартыўным інвентаром на суму тры мільёны рублёў. Футбольныя і валейбольныя мячы, тэнісныя ракеткі, трэнажоры, спальныя мяшкі – гэта далёка не поўны спіс таго, што атрымана нашай установай.
Вучні сустракалі тэлевізіёншчыкаў караваем, сувенірамі, вершамі і прыпеўкамі ў фае школы. Напярэдадні ўсе старанна ўпрыгожвалі спартыўную залу да прыезду гасцей. На сценах размясцілі плакаты з адпаведнымі надпісамі і бочачкі з нумарамі –абавязковы атрыбут гульні “Суперлато”, а таксама шмат паветраных шарыкаў. У гэтай упрыгожанай спартзале вучні спаборнічалі ў хуткасці і спрыце. А потым “на камеру” гулялі новымі мячамі ў футбол, апрабоўваючы прывезены інвентар.
Усіх гледачоў парадавалі песнямі і танцавальнымі нумарамі самадзейныя юныя артысты, чые выступленні заслугоўваюць самай высокай адзнакі – яны добра падрыхтаваліся.
Зманціраваны запіс гэтай сустрэчы можна было паглядзець у эфіры праекта “Суперлато” 6 лютага.
На думку дырэктара нашай школы Аляксандра Мікалаевіча Азевіча, галоўная заслуга дабрачыннай акцыі “Суперлато – дзецям”– гэта фарміраванне здаровага ладу жыцця ў вучняў.
Нашы дзеці любяць спорт. Яны рэгулярна ўдзельнічаюць ў розных спаборніцтвах і займаюць прызавыя месцы. Сведкі таму – мноства грамат на стэндзе ў холе школы. Можна не сумнявацца, што колькасць спартыўных узнагарод будзе толькі павялічвацца.
Безумоўна, вучні будуць доўга прыгадваць праведзенае на ўроках фізкультуры свята, а новы спартыўны інвентар зробіць заняткі яшчэ больш цікавымі, разнапланавымі.
І.КАЗАЧОНАК,
намеснік дырэктара Ільюшынскай сярэдняй школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце.