Трудовые коллективы Ушаччины боролись за победу на районных соревнованиях «Белорусская лыжня – 2022»

Cпорт Общество

Што і казаць, не надта спрыяльнай для лыжных заездаў аказалася мінулая субота: напярэдадні панавала адліга, ноччу лёгкі марозік крыху падмацаваў снежнае покрыва, але зрабіў слізкімі пад’ёмы ды спускі. У выніку нескладаная траса ля ўшацкага спарткомплексу стала амаль экстрэмальнай: удзельнікі раённых спаборніцтваў “Беларуская лыжня-2022” раз-пораз гублялі раўнавагу і інвентар – але ж духам не падалі і захоўвалі добры настрой!

А яшчэ спартыўнае свята дазволіла вызначыць найбольш апантаных ушацкіх лыжнікаў і самыя загартаваныя і згуртаваныя працоўныя калектывы. Што датычыцца першых, то да іх, канечне, можна аднесці Аляксандра Пятровіча Пасканенкава і Мікалая Леанідавіча Фядосенку, якія выступалі ў катэгорыі 60 плюс і размеркавалі паміж сабой адпаведна “золата” і “срэбра”. Зрэшты, пасля фінішу ветэраны выказвалі пэўныя нараканні: не пра стан трасы, а наконт яе працягласці – маўляў, толькі разагрэліся, а паўкіламетровая дыстанцыя ўжо і скончылася!

Ніводнай “Беларускай лыжні” не прапускае моцная каманда камунальнага прадпрыемства – у гэты ж раз яе асноўны склад раптоўна выбыў з-за хваробы, але плячо падставілі калегі. Уладзімір Лесін, Аляксандр Броўка, Аксана Дрозд і Ірына Карпёнак хоць і не паказалі на трасе надта хуткіх секунд (жанчыны ўвогуле прызналіся, што на лыжы сталі ўпершыню са школьных часоў), але яскрава прадэманстравалі, што гонар арганізацыі для іх – не пустое слова. Ну а Уладзіміру і Ірыне пра спартыўную падзею будуць нагадваць “бронзавыя” дыпломы ў асабістых намінацыях.

Хоць не зорнай, але даволі роўнай аказалася дружына райбальніцы. Упэўнена выглядалі на лыжні і паклалі ў камандную скарбонку “срэбра” і “бронзу” Кірыл і Рыгор Жаваранкі, якія выступалі ў складанай катэгорыі 18-29 год. Натхняла братоў сямейная група падтрымкі: за Рыгора, напрыклад, хварэў самы юны балельшчык – сынок Цімафей. Яшчэ адно другое месца прынесла камандзе Марыя Аўласенка.

А вось каго нечакана і прыемна было ўбачыць у стартавым пратаколе – дык гэта зборную Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Невялікі калектыў знайшоў магчымасць упершыню прыняць удзел у “Беларускай лыжні”. Горача перажываў за сваіх падначаленых кіраўнік Аляксандр Мікалаевіч Голік і вельмі радаваўся іх лакальным поспехам – “срэбру” Вольгі Качынскай, “бронзе” Івана Дзямко і Анастасіі Папковай. “Хоць вельмі даўно не стаяла на лыжах, але гонка далася нармальна, відаць таму, што ў свой час вучылася ў спартыўным класе Ушацкай школы ў настаўніка Аляксандра Мікалаевіча Фінагеева”, – падзялілася ўражаннямі Насця.

А вось яшчэ адна Анастасія – Кузняцова (да замужжа – Хадан), лыжныя навыкі атрымлівала ў Вялікадолецкай школе пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага – а таму амбіцыі на гэту гонку мела самыя высокія. Дзяўчына зараз працуе ў аддзеле па адукацыі і стала лідарам гэтай каманды. Канечне, пасля трасы ў Раўбічах, дзе ёй давялося выступаць на “Снежным снайперы”, гонка на раённым свяце паказалася лёгкай прагулкай – Анастасія атрымала ўпэўненую перамогу ў забегу самых маладых лыжніц. Не мела сабе роўных у сваім узросце і Ганна Бабянок, “срэбра” заваяваў Арцём Церашкавец. Гэтыя вынікі дазволілі камандзе атрымаць трэцяе месца ў агульным заліку.

“Дэвіз “Галоўнае не перамога, а ўдзел” для нас непрымальны!” – зазначыў Мікалай Шустроў, які курыраваў каманду выратавальнікаў. І сапраўды, гэтая дружына на ўсіх спаборніцтвах у ліку безумоўных фаварытаў. І калі абмежаваная колькасць жанчын у штаце раней прымушала аб’ядноўвацца з іншымі арганізацыямі, то сёлета вырашылі абыходзіцца ўласнымі сіламі: запланаванае “срэбра” прынесла Крысціна Шастакова, а вось яшчэ адну “вакансію” закрыла дэбютантка Юлія Яцкевіч і стала трэцяй у сваім забегу. “Учора быў мой першы дзень на службе, а сёння вось такое адказнае выпрабаванне. Хоць даўно не станавілася на лыжы, але вельмі старалася не падвесці каманду! Ад гонкі атрымала задавальненне – захацелася прыйсці на лыжню і ў наступныя выхадныя”, – падзялілася ўражаннямі жанчына. Ну а моцная палова цалкам пацвердзіла гэты статус: Арцём Полазаў і Раман Літвін упэўнена перамаглі ў сваіх гонках. Каманднае “срэбра” хоць і не вельмі натхніла максімалістаў з РАНС, затое пакінула стымул для будучага рэваншу.

А вось хто аптымальна выкарыстаў свае магчымасці, дык гэта дружына райвыканкама. Магла пешшу ісці па трасе і ўсё роўна стаць лепшай Вікторыя Гугіна (у старэйшай узроставай групе была толькі яе заяўка) – але ж, канечне, вопытная лыжніца як заўсёды паказала хуткія секунды. Прагназуемае “золата” здабылі Ірына Шчукіна і Сяргей Ціханёнак, а чатырох першых месцаў каманда ўзяць не змагла, бо мужчыны выступалі ў адным забегу і Алегу Сысу дасталася “срэбра”. Такім чынам, дружны квартэт райвыканкама даказаў, што вопыт у лыжным спорце – фактар далёка не апошні, і падчас закрыцця спаборніцтваў яго капітан узняў над галавой прыгожы кубак (дарэчы, спонсарам узнагароды выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў).

Галоўны плён “Беларускай лыжні” ў тым, што многія ўшачане правялі гэты выхадны не на канапе, а прысвяцілі яго актыўнаму адпачынку. Важна і тое, што падобныя мерапрыемствы ўмацоўваюць не толькі здароўе работнікаў, а і карпаратыўны дух калектываў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Трудовые коллективы Ушаччины боролись за победу на районных соревнованиях «Белорусская лыжня – 2022»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *