З асаблівым пачуццём пераступаеш звычайна парог сваёй школы. Так было і на гэты раз. Яе сённяшні дырэктар, наш былы настаўнік Уладзімір Уладзіміравіч Фокін у час сустрэчы выпускнікоў гаварыў пра сённяшні дзень. Калі мы выходзілі ў свет, у 1981 годзе, на гэтай пасадзе знаходзілася Людміла Кліменцьеўна Кішулька, вучыў нас і яе муж Станіслаў Канстанцінавіч. Мы ўдзячны тым, хто наведаўся на мерапрыемства і хто прыйсці не змог, а гэта Марыя Васільеўна Плігаўка і Вольга Маркіянаўна Клопава.
Канцэртную праграму забяспечвала на вечары сцэнічная група культработнікаў на чале з дырэктарам РДК С. М. Тарасеня. Знайшліся і сярод нашых выпускнікоў таленты. Гэта, напрыклад, Міхаіл Аўтух, які прыгожа іграў на акардэоне. Некалі на ім трымалася мастацкая самадзейнасць у школе. А цяпер ён прыехаў на сустрэчу з Цвярской вобласці, за сотні кіламетраў. У час нашай вучобы актыўнай была і Людміла Смыслова (дзявочае-Кучко), якая наведалася на гэту сустрэчу з гарпасёлка. А вось з іншымі жыхарамі нашага раёна Нінай Нядбальскай, Уладзімірам Сабіным, Віктарам Сіроткам і іншымі хацелася б сустрэцца, таму мы хочам мяркуем яшчэ і ў ліпені.
А што датычыцца названага вечара, то ён прадэманстраваў нам, як утульна сёння ў школе, колькі клопату праяўляецца працуючымі тут, каб захоўваць і прымнажаць з году ў год. Хаця колькасць вучняў, на жаль, не прыбаўляецца. Калі мы вучыліся, у нашым выпускным класе было 25 чалавек. Сёння ва ўсёй школе 38. Але так хочацца, каб школьная ўстанова ў вёсцы захавалася і ў далейшым. Па сутнасці, толькі дзякуючы ёй, таму, што пэўная колькасць маладзейшых сем’яў застаецца ў Мосары і суседніх населеных пунктах, – існуе для людзей магазін, паштовае аддзяленне, бібліятэка, ФАП, комплексны прыёмны пункт. Ёсць каго пакуль што абслугоўваць.
Хочацца пажадаць дырэктару і настаўнікам нашай роднай школы аптымізму, поспехаў, зацікаўленых у вучобе і актыўных вучняў.
Н.ГЛАДЫШ.