Малако ўтрымлівае больш ста вельмі карысных кампанентаў. У яго ўваходзяць усе неабходныя для жыццядзейнасці арганізма рэчывы: бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя солі, вітаміны, мікраэлементы. Але паўнацэнным, высокапажыўным прадуктам малако можа быць толькі пры ўмове, калі яно атрымана ад здаровай жывёлы і ў належных санітарных умовах.
У апошні час усё большыя патрабаванні прад’яўляюцца да якасці малака. Зараз галоўная задача заключаецца ў вытворчасці малака сорту “экстра”. Ён мае лепшыя паказчыкі якасці ў параўнанні з іншымі, якія нарміруюцца стандартамі. Так, напрыклад, калі ў малацэ “экстра” колькасць мікраарганізмаў не павінна перавышаць 100 тысяч на 1 куб.см, то ў вышэйшым сорце – да 300 тысяч. “Экстра” практычна адпавядае малаку еўрапейскай якасці. Адпаведна ў такога малака і самы высокі закупачны кошт – 1331 рубель за кілаграм. Для параўнання, кілаграм малака вышэйшага гатунку каштуе 1150 рублёў, першага – 1062 рублі, другога – 550 рублёў. Відавочна, што ад павелічэння вытворчасці малака сорту “экстра” эканоміка сельгаспрадпрыемстваў выйграе.
Вытворчасць “экстры” ў гаспадарках нашага раёна склала ў студзені 30 працэнтаў. Асноўны фактар, які ўплывае на якасць – санітарны стан абсталявання, а гэта напрамую залежыць ад работнікаў ферм. На мінулым тыдні мы разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Л.М.Міхаль і галоўным ветэрынарным урачом В.У.Даўгаполавым адправіліся ў рэйд па праверцы якасці малака, у прыватнасці, мэтай было вызначыць чысціню даільных апаратаў і халадзільнага абсталявання. Аб’ектамі праверкі сталі ўсе чатыры малочнатаварныя фермы ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”.
На новым малочнатаварным комплексе ў Завячэллі, як і мае быць, ніякіх прэтэнзій да санітарнага стану даільных апаратаў, абсталявання не ўзнікла, у хлявах, дзе знаходзіцца жывёла, чысціня і парадак. Пры будаўніцтве падобных комплексаў стаўка рабілася менавіта на якасць прадукцыі. Практычна ўсё малако завячэльскага комплексу здаецца “экстрай”.
Наступным пунктам праверкі стала ферма ў Матырыне. Тут таксама даільныя апараты і халадзільнае абсталяванне знаходзіліся ў належным стане, а ў лабаранта меліся ўсе неабходныя дакументы.
Ферма Ліпавец у апошнія гады пастаянны лідар па надоях не толькі сярод ферм гаспадаркі, але і ў раёне. Вылучаюцца яны і якасцю атрыманай прадукцыі – амаль 100% малака ідзе вышэйшым сортам. І гэта пры тым, што на ферме няма малакаправода і малако пераносіцца ўручную, старое халадзільнае абсталяванне. На момант праверкі, як і чакалася, там усё было ў ідэальным парадку.
А вось малочнатаварная ферма ў Старым Сяле нягледзячы на свае высокія паказчыкі па надоях, стала на момант рэйду, што называецца, лыжкай дзёгцю ў бочцы мёду. На крышцы халадзільніка аказаўся малочны налёт, які ўказваў на тое, што мылі яе як мінімум тыдзень таму. Побач прама на падлозе ляжаў даільны апарат. Хоць і казалі даяркі, што ён няспраўны, аднак усё роўна яўна знаходзіўся не ў патрэбным для яго месцы.
Канечне, старым фермам не зраўняцца па аснашчанасці з новым малочнатаварным комплексам, аднак трымаць у чысціні тое, што ёсць, як бачна, магчыма.
Трэба адзначыць, што работнікі саміх ферм зацікаўлены ў павышэнні якасці прадукцыі. Памер іх заработнай платы залежыць ад таго, якога сорту будзе малако – вышэй сортнасць, больш і зарплата.
В.ПОЛАЗАВА.