У свой час калгасы былі пераўтвораны ў сельскагаспадарчыя кааператывы. Зараз яны становяцца адкрытымі акцыянернымі таварыствамі. У чым жа неабходнасць рэарганізацыі?
Ні для каго не сакрэт, што сельгаспрадпрыемствы Ушаччыны нягледзячы на ўсе станоўчыя змяненні і дасягненні маюць запазычанасці. Каб змяніць сітуацыю, неабходны меры, якія б дазволілі змяніць умовы дзейнасці сельгасарганізацый, павысіць іх прыбытковасць, эфектыўна выкарыстоўваць асноўныя фонды. Адным са спосабаў вырашэння праблемы, які дазволіць рэструктурызаваць запазычанасці як перад дзяржавай, так і іншымі крэдыторамі, стала пераўтварэнне сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў (СВК) у адкрытыя акцыянерныя таварыствы (ААТ).
Як расказала галоўны спецыяліст райсельгасхарча Ганна Генадзьеўна Кандрацкая, пры рэарганізацыі да новаўтворанай юрыдычнай асобы пераходзяць правы і абавязкі рэарганізаванай юрыдычнай асобы, ажыццяўляецца выпуск акцый.
Акцыя – каштоўная папера, якая дазваляе яе ўладальніку атрымліваць частку прыбытку ў выглядзе дывідэндаў і дае права ўдзелу ў кіраванні ААТ. Працаўнікі сельгасарганізацыі стануць ўладальнікамі пэўнай колькасці акцый свайго прадпрыемства ў залежнасці ад каэфіцыента іх працоўнага ўдзелу (стажу работы, укладу ў развіццё сельгаспрадпрыемства і іншыя). Функцыі кіравання і кантролю раздзеляцца згодна з уставам ААТ. Кантроль ажыццяўляе наглядальны савет, які выбіраецца з ліку адміністрацыі і работнікаў арганізацыі. Сход акцыянераў вырашае самыя важныя пытанні рэарганізацыі, ліквідацыі, стратэгіі развіцця і іншыя. Выканаўчым органам з’яўляецца дырэкцыя, дырэктар, у задачы якога ўваходзіць кіраўніцтва працэсам вытворчасці і рашэнне бягучых пытанняў. Кантрольным органам з’яўляецца рэвізійная камісія.
У 2010 годзе на агульных сходах членаў сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў раёна прынята рашэнне аб рэарганізацыі, а ў пачатку снежня тры нашых СВК – “Дземенец-Агра”, “Агра-Селішча”, “Ільюшынскі” былі перааформлены ў адкрытыя акцыянерныя таварыствы, праведзена агульная інвентарызацыя, на працягу двух месяцаў будуць выпушчаны акцыі таварыстваў.
Па сутнасці, для работнікаў сельгасарганізацый істотных змяненняў у працэсе працы і вытворчасці не адбылося. Перад імі стаяць тыя ж задачы, што і раней. А вось акцыяніраванне дазволіць у далейшым выйсці на новы ўзровень развіцця і атрымліваць заробленыя дывідэнды.
В.ПОЛАЗАВА.