Валодзю з Гушчынскай Слабодкі і Веру з жарскай Старынкі пазнаёміў сінематограф. Прычым, калі дзяўчына глядзела фільм, то хлопец – на яе. Згубіць сюжэтную лінію не баяўся – кінамеханік ведаў усе фільмы на памяць. Ды і прыкмеціў сімпатычную дзяўчыну не ў цёмнай зале, а да пачатку сеансу праз невялікае акенца. Якую стужку тады круціў Валодзя Драздоў, зараз не памятаюць, а вось зімовае вяселле, што было 55 год таму, акурат 29 студзеня, захавалася ў памяці назаўжды. Неардынарная для маладых падзея ператварылася яшчэ і ў прыгодніцкую гісторыю.
Вяселлі тады гулялі выключна раздзельныя: госці жаніха – у яго доме, нявесты – у яе. А калі малады вёз жонку ў Гушчынскую Слабодку – аб’ядналіся. Дзве грузавыя машыны не маглі прабіцца па глыбокім снезе лясной дарогі, і цягнуў іх гусенічны трактар. А потым і вялізныя сані давялося падключыць: на іх збіралі “згубіўшыхся” гасцей: будка адной машыны развалілася і людзі пасыпаліся за борт. Добра, што зімы ў шасцідзясятыя гады стаялі снежныя і абышлося без ахвяр.
“А больш нічога рамантычнага нам і не прыгадаць, – гаворыць Вера Іванаўна. – Паміж сабой ладзім, нічога не скажу, ніколі не крыўдзіў мяне муж. Аднак праца, праца і праца – на рабоце і дома”.
Невялікі домік, дзе Уладзімір Васільевіч жыў з маці і братам, ён неўзабаве “памяняў” на новы. Пабудаваў, ну а для гэтага гаспадар працаваў не толькі вадзіцелем у саўгасе “Кублічы”, але і іграў на гармоніку на вяселлях, провадах. Не залазіць у сямейную скарбонку дазваляла вялікая падсобная гаспадарка: нават пераехаўшы ў Ліпавец, прывялі з сабой дзвюх кароў, не гаворачы пра іншую жыўнасць. У вёсцы ля райцэнтра ў сям’і атрымаліся палацы: да купленага дома прыбудавалі перавезены з Гушчынскай Слабодкі. Вадзіцелем у саўгасе “Ушацкі”, у ПМК-66 папрацаваў Уладзімір Васільевіч, перш чым на пастаянна асеў у лясгасе. Розную прадукцыю вазіў, ад балансу да трыснёгу, з сямі раніцы – ужо на рабоце. Яны з жонкай і бачыліся толькі з цёмным, паколькі Вера Іванаўна працавала даяркай на Ліпавецкай ферме. Блізка ад дому – зручна прыбегчы ў перапынкі, толькі рабочы графік ніяк не назавеш спрыяльным для догляду за трыма дзецьмі і гаспадаркай. Добра, што ў хатніх справах пастаянна дапамагала свякроў. Уладзімір Васільевіч як усе дзеці вайны, што засталіся без бацькі, бязмерна ўдзячны маці, якая адна падымала сыноў, таму і думкі не дапускаў, каб аддзяліцца і жыць асобна. Драздовы эканомна распараджаліся добрымі заробкамі абаіх і неўзабаве вадзіцель з любоўю пагладжваў свой першы ўласны аўтамабіль – Запарожац.
У студзені ў іх не толькі ізумруднае вяселле, але і ў абаіх імяніны. Калі пытаюся, што звычайна дораць адзін аднаму, Вера Іванаўна адказвае, што не заведзена гэта ў сям’і, трэба ўнукам дапамагаць. Яны сапраўды ніколі не жылі для сябе. Спачатку расцілі дзвюх дачок і сына, зажываліся. Лічы што выгадавалі і адвучылі ўнучку Дашу, а калі нядаўна вярнуўся з арміі малодшы ўнук Максім – падарылі яму машыну. Правёўшы ўсё жыццё за баранкай, Уладзімір Васільевіч перакананы, што аўто – лепшы падарунак для мужчыны. Ну а як пенсіянеры ўхітраюцца рабіць родным вось такія прэзенты – падобны раней справілі і старэйшаму Аляксандру, канечне, толькі ахвяруючы ўласнымі жаданнямі.
◆ Час паміж калядным пастом і Масленіцай лічыцца адным з самых спрыяльных для вяселляў.
Мабыць таму такой трывалай аказалася сям’я Драздовых. Яны апора адзін для аднаго, а сур’ёзныя нагоды для падтрымкі, на жаль, здараліся – заўчасна пахавалі сына і дачку. Але трымаюцца ў клопатах па доме, дзе асноўны цяжар узяў на сябе гаспадар. Старэйшы на 10 год, Уладзімір Васільевіч тым не менш больш бадзёры ў хадзе, таму пастаянна знаходзіць работу, у тым ліку і на агародзе. Галоўнае, што заўсёды ў згодзе і думках пра траіх унукаў і ўжо шасцярых праўнукаў, якія абавязкова прыедуць павіншаваць сваіх дарагіх старыкоў. Ну чым не кіношны раман, у якіх усё добра заканчваецца.
Вольга КАРАЛЕНКА.