Браков стало больше, а разводов — меньше. Демография Ушачского района

Общество

Павелічэнне колькасці нараджэнняў і шлюбаў, узросту жаніхоў і нявест, з’яўленне ў сем’ях пятага, шостага і нават сёмага малыша – такія дэмаграфічныя паказчыкі зарэгістраваны летась ва Ушацкім раёне. Падрабязней пра іх мы папрасілі расказаць начальніка аддзела загса райвыканкама Алену Мікалаеўну МАЛАШЧАНКУ. Адразу падкрэслім, што прыведзеныя лічбы датычацца вынікаў работы органаў дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану нашага раёна і могуць не супадаць з данымі статыстыкі.

– Колькі пар узаконілі летась свае адносіны?

– 65, што на 9 больш, чым было ў 2020-м. Па-ранейшаму многа паўторных для аднаго ці абаіх маладых шлюбаў – 27. Прычым, часцей на гэты крок ішлі прадстаўніцы прыгожай паловы: 27 з іх зноў сталі нявестамі, у той час як касцюм жаніха апрануў 21 мужчына. Не было ў 2021-м пар, якія ажаніліся паўторна паміж сабой (годам раней – два такія факты). Зарэгістравана тры шлюбы з удзелам замежных грамадзян, з іх два – з прадстаўнікамі Расійскай Федэрацыі, адзін – Украіны.

– У якім узросце часцей станавіліся жаніхамі і нявестамі?

– У сярэднім у 35 і 33 адпаведна. Гэта больш на два гады, чым у 2020-м. Самаму маладому мужчыну і самай маладой жанчыне на момант рэгістрацыі шлюбу было па 19. Народнае выслоўе “каханню ўсе ўзросты падуладныя” пацвердзілі ўшачане, якія афіцыйна аформілі адносіны ў 75 гадоў (мужчына) і 71 (жанчына). Асноўную частку шлюбаў традыцыйна складалі пары, у якіх жаніх старэйшы за нявесту. Адваротная сітуацыя – у 19 выпадках, дзе ўзроставая розніца на карысць прадстаўніцы прыгожай паловы была ад 1 да 17 гадоў.

– А як справы з разводамі?

– Іх стала крыху менш, аднак аптымізму ўсё роўна мала. Летась скасавалі шлюб 50 пар, з іх 8 – аддзелам загса па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак (у 2020-м было 9), 42 (44) – па рашэннях суда.

– Колькі дзетак з’явілася на свет?

– У раёне зарэгістравана нараджэнне 90 малышоў (на 7 больш, чым у 2020-м): 42 хлопчыкаў і 48 дзяўчынак. З іх 27 – першынцы, 35 – другія дзеці ў сем’ях, 15 – трэція, 6 – чацвёртыя, 4 – пятыя, 2 – шостыя, быў таксама адзін выпадак з’яўлення на свет сёмага немаўляці.

Большасць, што не можа не радаваць, нараджаліся ў поўных сем’ях. Гэты паказчык у 2021-м склаў 81,8 працэнта (годам раней – 68,7). 13 нараджэнняў зарэгістравана адначасова з устанаўленнем бацькоўства (20).

– У якім узросце часцей станавіліся бацькамі?

– Найбольшая колькасць дзетак – 56 – з’явілася ў жанчын ад 18 да 30 гадоў, 33 – ад 31 да 40. Самай маладой матуляй стала 18-гадовая грамадзянка, яшчэ трое нарадзілі дзетак, калі ў іх пашпарце значылася 19. Столькі ж было і самаму маладому тату, а самаму сталаму – 54.

– Як часцей называлі дзетак?

– Самымі распаўсюджанымі імёнамі сярод хлопчыкаў сталі Аляксей, Багдан, Раман, Ягор, Іван, дзяўчынак – Аляксандра, Дар’я, Ксенія, Мілана, Васіліса. У разрадзе рэдкіх – Эрнэст, Даніэль, Ігнат, Святаслаў, Платон, а таксама Ульяна, Эліна, Еўніка, Міраслава, Кіра.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *