Молодёжь Ушаччины активно включилась в обсуждение обновлённой Конституции

Навстречу референдуму Общество

У праекце Канстытуцыі – палажэнні, якія датычацца розных слаёў насельніцтва. У прыватнасці, другі раздзел прапануецца дапоўніць артыкулам, згодна з якім дзяржава спрыяе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі. Гэта павінна засцерагчы ад дэструктыўных уплываў звонку і накіраваць энергію ў стваральнае рэчышча.

Юнакі і дзяўчаты Ушаччыны актыўна ўключыліся ў абмеркаванне абноўленай Канстытуцыі. У мінулую пятніцу на дыялогавую пляцоўку з удзелам намесніка старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі П.А.Алексяёнка, галоўнага ўрача райбальніцы А.А.Міранковай, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўскай і першага сакратара райкама БРСМ Д.Д.Калбасавай сабраліся члены раённага савета працоўнай моладзі.

Пачалося абмеркаванне з тэмы, актуальнай для кожнага – здароўя. Абавязак грамадзян прымаць меры па яго захаванні і ўмацаванні, прадугледжаны артыкулам 45 Асноўнага закона нашай краіны, галоўны ўрач ЦРБ лічыць надзвычай патрэбным новаўвядзеннем. Менавіта ад ладу жыцця (ні генетыкі, ні ўзроўню медабслугоўвання) на 50 працэнтаў залежыць наша самаадчуванне. А таму варта перагледзець свае звычкі, адмовіўшыся ад шкодных, не “геройстваваць” пры пагаршэнні здароўя – звяртацца да медыкаў, не забываць аб прафілактыцы захворванняў. Цяпер, ва ўмовах распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі, усім варта падумаць аб вакцынацыі. Так, заразіцца на COVID-19 пасля прышчэпкі можна (з меншай верагоднасцю), аднак хвароба будзе працякаць у больш лёгкай форме. Па словах Анжалікі Анатольеўны, за перыяд з лістапада 2021 года і па сённяшні дзень у рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы трапіў ўсяго адзін праімунізаваны пацыент, прычым, на той момант ён атрымаў толькі першую дозу вакцыны.

Пра артыкул 15 Асноўнага закона, а ў прыватнасці забеспячэнне дзяржавай захавання гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, казала Н.А.Васілеўская. Яна адзначыла, што вельмі дарэчы 2022-і аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, заклікала юнакоў і дзяўчат запісваць успаміны сваіх бабуляў і дзядуляў, ажыццяўляць догляд за месцамі пахавання герояў і партызан. Іх на тэрыторыі нашага раёна 110, 38 знаходзяцца на дзяржаўным уліку. “Прывяду факт з Воцькавічаў. Некаторы час таму сваякі вырашылі перапахаваць цела партызана з агульнай магілы ў асобную, – падзялілася з прысутнымі Ніна Аляксандраўна. – Пазней памерлі – і даглядаць за месцам пахавання ўдзельніка вайны няма каму. Калі ведаеце падобнае, не праходзьце міма – прыбярыце”.

Дарэчы, падобныя годныя справы – у ліку традыцыйных у райкаме БРСМ. Нагадала маладзёжны лідар раёна і пра іншыя акцыі і мерапрыемствы. А гэта праект “100 ідэй для Беларусі”, дабрачынныя акцыі “Цуды на Каляды”, “У школу з добрым сэрцам”, грамадзянска-патрыятычныя “Кветкі Перамогі”, “Аўтацягнік памяці” і іншыя. Прымаюць удзел актывісты грамадскага аб’яднання і ў значных грамадска-палітычных падзеях краіны – і рэферэндум 2022-га не стане выключэннем.

Змогуць паўдзельнічаць юнакі і дзяўчаты і ў раскопках, што будуць ладзіцца спецыялістамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ля вёскі Любжына Вяркудскага сельсавета ў маі бягучага года. Пра гэта казала А.В.Пашковіч, даручыўшы Д.Калбасавай сабраць для гэтай мэты групу валанцёраў. Спынілася Алена Васільеўна і на некаторых канстытуцыйных новаўвядзеннях. У прыватнасці, на артыкуле 18, згодна з якім Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах іншых дзяржаў. Лічыць правільным А.В.Пашковіч і ўвядзенне абавязку грамадзян праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы (артыкул 21).

Маладыя людзі з цікавасцю прынялі ўдзел у абмеркаванні. Такой жа актыўнасці ад іх чакаюць улады і на рэферэндуме 27 лютага.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *