На заседании Совета депутатов подвели итоги социально-экономического развития Ушачского района за 2021 год

Общество

На апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў традыцыйна былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за прайшоўшы год. Якім стаў 2021-ы? Нягледзячы на складаны час, удалося выканаць 9 з 13 асноўных паказчыкаў: па вытворчасці прамысловай прадукцыі, уводзе жылля, росце сярэднямесячнай зарплаты, рэнтабельнасці продажу, экспарце тавараў, экспарце паслуг, зніжэнні ўзроўню затрат, па энергазберажэнні, сукупным паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту.

Сельская гаспадарка і прамысловасць

Адно з нявыкананых заданняў – па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Сельгасарганізацыі раёна сабралі каля 12,5 тысячы тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 20,9 ц/га, а гэта толькі 60 % да ўзроўню 2020-га. На сціплы намалот негатыўна паўплывалі анамальна высокія тэмпратуры ў перыяд вегетацыі, а таксама недахоп мінеральных угнаенняў. Адсутнасць кантролю за страўліваннем пашаў, падкосам, недастаткова збалансаванае кармленне дойнага статку адбіліся на прадукцыйнасці і ў цэлым вытворчасці малака. Дынаміка назіраецца толькі па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы і свіней. А вось прамысловыя прадпрыемствы спрацавалі больш стабільна – прырост ёсць па ўсіх прадпрыемствах і таварных групах. У цэлым па раёне вытворчасць прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах павялічылася на 17,8%: лідарства належыць Ушацкаму лясгасу – 45%, на долю філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” прыпадае 20%, амаль па столькі ж на УП ЖКГ і ТАА “Твестуба ПРО”.

Экспарт і гандаль

У гандлёвай сферы ажыццяўляюць дзейнасць 67 суб’ектаў гаспадарання з колькасцю работнікаў больш за 500 чалавек. На 12,5 тысячы насельніцтва прыходзіцца 107 гандлёвых аб’ектаў. Абарот рознічнага гандлю за 2021 год склаў больш за 47 мільёнаў рублёў, што вышэй за ўзровень 2020 года на 3,8%. За кошт адкрыцця буйных гандлёвых сетак “Санта”, “Еўраопт”, “Міла” раёнам атрыманы дадатковы тавараабарот у 6 мільёнаў рублёў. Разам з тым, скарацілася колькасць гандлёвых аб’ектаў спажыўкааперацыі – у 2021-м закрыта 5 крам. А вось у грамадскім харчаванні ў кааператараў канкурэнтаў практычна няма. Было адзначана, што не да канца выкарыстоўваюцца перавагі наяўнасці ўласнай вытворчасці па цэху безалкагольных напояў і хлебазавода. Іх прадукцыю можна ўбачыць, у асноўным, на паліцах крам нашага і бліжэйшых раёнаў.

Экспарт тавараў па раёне вырас на 13,6%, паслуг – на 41,1%. Але і ў адным, і ў другім кірунку захоўваецца залежнасць ад адной-дзвюх арганізацый, няма прыросту новых экспарцёраў. У экспарце тавараў 49% прыходзілася на ТАА “Кампанія прарыў” і 35% на “Форэстгандаль”. У экспарце паслуг 82% – на санаторый “Лясныя азёры”.

Рынак працы і зарплата

За 2021 год на 194 чалавекі або на 3,9% скарацілася колькасць занятых у эканоміцы. Узровень беспрацоўя знаходзіцца ў межах 0,3%. Сярэднестатыстычны беспрацоўны – гэта мужчына ва ўзросце 51-55 гадоў, які не мае спецыяльнасці. Найбольш запатрабаванымі прафесіямі ў наймальнікаў былі і з’яўляюцца медсёстры, электрагазазваршчыкі, вадзіцелі аўтамабіляў, вальшчыкі лесу, леснікі, трактарысты, аператары машыннага даення, заатэхнікі. У 2021 годзе ў раён прыбыло 73 маладых спецыялісты – рэкордная колькасць за апошнія 4 гады. Тэмп росту сярэднямесячнай зарплаты склаў 114,6%, на канец года яна склала 954,9 рубля.

Жыллёва-камунальная гаспадарка

На бягучы рамонт жылфонду ў 2021 годзе накіравана 32,8 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў, а на капрамонт 2 дамоў у аграгарадках Ільюшына і Арэхаўна – 538. Важным крокам развіцця ў сферы ЖКГ стала праведзеная рэканструкцыя цэнтральнай кацельні ў гарпасёлку, што дазволіць бесперабойна забеспячваць ушачан неабходнай колькасцю цеплавой энергіі з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва.

Удзялялася ўвага і вулічна-дарожнай сетцы: выкананы работы па бягучым рамонце ўчасткаў дарожнага пакрыцця па Ленінскай, Калінінскай, Савецкай, Дзяржынскага, Полацкай ва Ушачах, часткі Школьнай ў Арэхаўне вуліцы ў вёсцы Вашкова. Заменена 300 метраў сетак вонкавага асвятлення і 21 свяцільня вонкавага асвятлення; выкананы бягучы рамонт трох прыдамавых тэрыторый (Ленінская, 16, 19, Савецкая,8). Сёлета плануецца прадоўжыць работы па рэканструкцыі вуліцы Калінінскай, капітальным і бягучым рамонце жылфонду.

Медыцына і адукацыя

У 2021 годзе намаганні медыкаў былі сканцэнтраваны на барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй, з раённага бюджэту на гэта было затрачана больш за 1,7 мільёна рублёў. Накіроўваліся сродкі і на новае абсталяванне – у першую чаргу для якаснай дыягностыкі і лячэння пацыентаў з COVID-19. Напрыканцы года прыкметна змяніўся знешні выгляд райбальніцы, работы па мадэрнізацыі і добраўпарадакаванне тэрыторыі прадаўжаюццца.

На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ накіравана больш за 126 тысяч рублёў, заменены 1 школьны аўтобус, завершана мадэрнізацыя і капрамонт школьнага стадыёна. Добрую падрыхтоўку вучні школ раёна паказалі падчас алімпіяднага руху – на абласной алімпіядзе па вучэбных прадметах заваявана 4 дыпломы, на заключным рэспубліканскім этапе – 1. Праявілі сябе ўшачане і ў творчых конкурсах і праектах рознага ўзроўню, заваяваўшы 28 дыпломаў.

Культура і спорт

За 2021 год клубнымі ўстановамі раёна праведзена больш 2700 мерапрыемстваў, што на 9,7% больш за мінулы год. Па-ранейшаму запатрабаванымі сярод жыхароў раёна з’яўляюцца паслугі бібліятэк: колькасць наведванняў склала 4392 на 1000 чалавек. Рэгулярна абнаўляецца фонд бібліятэчнай сістэмы, які ў цяперашні час складае 146817 асобнікаў. У 2021 годзе ў бібліятэкі раёна паступіла 3155 экземпляры кніг, электронных дакументаў, перыядычных выданняў. Працягваўся капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка.

Летась праведзена 38 раённых спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Прычына невялікай колькасці зразумелая – няпростая эпідсітуацыя. Юныя спартсмены Ушацкай спартыўнай школы прынялі ўдзел у 5 рэспубліканскіх і 33 абласных спаборніцтвах, на якіх занялі 98 прызавых месцаў.

Стабільна функцыянуе комплекс “Юнацтва-Ушачы”. З-за каранцінных мер не праводзіліся зборы замежных каманд, аднак адбылася пераарыентацыя на ўнутраны рынак. На базе комплексу прайшоў першы і другі этапы рэспубліканскага праекта “Алімпійскі талент”. Каб пашырыць магчымасці спартыўнага аб’екта ў гэтым годзе працягнеццца работа па вырашэнні пытання аб будаўніцтве інтэрната для спартсменаў і лыжаролернай трасы.

* * *

Шмат зроблена ў плане развіцця раёна, вельмі многае яшчэ трэба зрабіць. Як было адзначана на сесіі, рост эканомікі немагчымы без павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, пашырэння рынкаў збыту. Дэпутатамі адобрана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушацкага раёна на 2021-2025 гады.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *