Посмотрите, как весело и активно в Ушачах прошёл День снега

Общество

У выхадныя старонкі ўшачан у інстаграме і іншых сацсетках актыўна папаўняліся фотаздымкамі. У лентах мільгалі румяныя твары дзяцей і дарослых, вясёлыя кадры подзвігаў на лыжні і піруэтаў на лёдзе, эфектныя сэлфі абдымкаў з мядзведзем і тыграм. “Справакаваў” жа гэты ўсплёск актыўнасці “Дзень снегу”, які ў суботу праходзіў ля спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы”.

Каманда Ушацкай школы.

Арганізатарам такога мерапрыемства абавязкова варта браць у саюзнікі нябесную канцылярыю – і ў гэты раз, па ўсім відаць, “пагадненне” было заключана, бо дзень для свята выдаўся проста ідэальным! І хоць нельга сказаць, што сёлета яно было вельмі масавым (па вядомых прычынах многія абмяжоўваюць кантакты нават на вольным паветры), аматары здаровага ладу жыцця аб’ядналіся ў чатыры каманды, каб пазмагацца за галоўны трафей свята. Іх аснову склалі работнікі арганізацый, але ўмацаваць дружыны ў асобных конкурсах маглі і іншыя жадаючыя – дзеці і пенсіянеры, сябры і балельшчыкі.

Традыцыйна старт праграме дала лыжная эстафета, лідарства ў якой, як і належыць кіраўніку спартыўнай сферы раёна, захапіў Сяргей Ціханёнак. Пачын партнёра годна падтрымала Ірына Шчукіна – і каманда райвыканкама паклала ў сваю скарбонку першае “золата”. Дастойна выглядалі на трасе прадстаўнікі райаддзела МНС Раман Літвін і Крысціна Карзянок, а таксама настаўнікі Ушацкай школы Святлана Краснова і Андрэй Жаваранак, якім дасталася адпаведна “срэбра” і “бронза”. Галоўнае ж, што гонка выклікала ў некаторых ушачан жаданне таксама апрануць лыжы. “Са спортам я сябрую, штораніцы раблю зарадку ды і інвентар на балконе стаіць, мне б вось яшчэ якую напарніцу знайсці, каб весялей было на лыжні! Можа хто з чытачоў мне кампанію складзе?» – напаўжартам зазначала Алена Сільчанкава.

А тым часам падзеі свята перамясціліся на каток, і спачатку ўзровень валодання канькамі на ім дэманстравалі дзявочыя дуэты. Хутчэй за іншых аб’ехалі фішкі на лядовай дыстанцыі прадстаўнікі школы Кацярына Леднік і Алена Саўчанка, крыху саступілі ім Ганна Бабянок і Злата Клачок, якія выступалі за аб’яднаную зборную аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і Ушацкага аддзялення Дэпартамента аховы. Трэцім стаў дуэт дзвюх Крысцін – Карзянок і Шастаковай – з каманды выратавальнікаў.

І.Шчукіна.

Ну а якое ж зімовае спартыўнае свята можа абысціся без вельмі папулярнага ў Беларусі хакея! Гэты турнір стаў самым працяглым па часе і выклікаў найбольшы глядацкі інтарэс. Тут, прынамсі, выступілі і старэйшыя ўдзельнікі Дня снегу – але назіраючы за лоўкімі фінтамі і сілавымі адзінаборствамі Васіля Алексяёнка і Віталя Банеўскага, зусім бы і не сказаў, што абодвум ужо каля 64. “Выставіў сваю кандыдатуру на драфт у якасці свабоднага агента”, – з уласцівым яму гумарам паведаміў Віталь Эдуардавіч. “На жаль, маё прадпрыемства “Маяк-Ушацкі” не змагло сабраць каманду, але я вырашыў хаця б у адзіночку падтрымаць спартыўны гонар гаспадаркі!” – у тым жа жартоўным тоне патлумачыў Васіль Аляксеевіч і падзякаваў лядовай дружыне райвыканкама, якая ўключыла яго ў свае рады. За гэту каманду, дарэчы, гуляў не толькі найбольш узроставы хакеіст, а і ігрок з самай высокай пасадай – намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў. Для яго, да слова, гэта быў першы лядовы турнір – але выглядаў дэбютант даволі ўпэўнена.

Каманда культработнікаў і Дэпартамента аховы.

Ну а калі вызначаць, у каго з хакеістаў была самая вялікая персанальная група падтрымкі, то тут лідарства трэба аддаць Андрэю Парашкіну, які, хоць і жыве ў Полацку, не прапускае ніводнага ўшацкага хакейнага турніру. За яго імклівымі праходамі і трапнымі кідкамі сачылі бацькі, жонка і двое сыночкаў. “Ведаеце, роўна тры гады таму на гэтым жа месцы вы рабілі здымак нашай сям’і – мы як рэліквію захоўваем той газетны нумар! – падзялілася маладая мама Кацярына Парашкіна. – Нават камбінезончык у кадры той жа самы: толькі тады ў ім быў паўтарагадовы Назар, а зараз – яго брацік Ілья. Назарка ж ужо падрос і пайшоў у хакейную секцыю – працягвае татава захапленне”. Што датычыцца вынікаў хакейных баталій, то першынствавала тут каманда выратавальнікаў, другое месца заняла дружына райвыканкама, неблагую гульню паказалі і ўшацкія настаўнікі, на рахунку якіх “бронза”.

А вось каб прыняць удзел у вясёлай зімовай эстафеце, спецыяльных спартыўных навыкаў не патрабавалася, галоўны крытэрый – быць гатовым ушчэнт выкачацца ў снезе. Па традыцыі рыхтавалі конкурс прадстаўнікі райкама БРСМ, а этапы былі вельмі займальныя: удзельнікі “лёталі” на мятле, скакалі ў мяхах, асвойвалі прыёмы хакея з мячом. Лепш за іншых з усім гэтым справіліся выратавальнікі – што і нядзіўна, бо ім не прывыкаць прабірацца праз гурбы і перашкоды да патрэбных аб’ектаў. Добра сябе паказала і аб’яднаная каманда культработнікаў і прадстаўнікоў Дэпартамента аховы. Замкнуў прызавую тройку ў гэтым відзе праграмы райвыканкам.

Зборная выратавальнікаў.

Як заўсёды не абышлося без спаборніцтва волатаў – перацягвання канату. Тут прадстаўнікі РАНС таксама без праблем пацвердзілі свой фаварыцкі статус: як ні стараліся сапернікі, але не змаглі даць ім бой. А вось паядынкі паміж астатнімі камандамі былі больш упартымі, і ў выніку другое і трэцяе месцы размеркавалі паміж сабой каманды райвыканкама і Ушацкай школы.

Самым жа эфектным, эстэтычным і працаёмкім, як заўсёды, аказаўся творчы конкурс “Снежныя фантазіі”. Як зазначыў падчас урачыстага ўзнагароджання загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнак, плён гэтага творчага спаборніцтва будзе нагадваць аб свяце, радаваць прахожых і наведвальнікаў спарткомплексу яшчэ доўгі час. А таму да вырабу снежных фігур усе каманды аднесліся грунтоўна: загадзя прадумвалі вобразы, набывалі фарбы. Дойліды шчыравалі некалькі гадзін, вылілі не адзін куб вады, каб матэрыял стаў пластычным, і нават начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў Міхаіл Шук, які ўваходзіў у творчую брыгаду райвыканкама, “заплюшчыў вочы” на такі перарасход. “Наш комплекс з’яўляецца цэнтрам сямейнага адпачынку, тут заўсёды шмат дзяцей, ля будынка гуляюць маладыя мамы з каляскамі – і, напэўна, малышам будзе цікава ўбачыць тут добра знаёмыя ім цацкі – вялізную пірамідку і кубікі”, – патлумачылі сваю задуму ўдзельнікі прыгаданай каманды.

На лёдзе – каманды МНС і райвыканкама.

Вонкавую рэкламу спартыўнага аб’екта стварылі настаўнікі. “Як вядома, “разынкай” “Юнацтва-Ушачы” з’яўляецца басейн, таму на нашай пляцоўцы ўзнік плывец, які пераадольвае водную дыстанцыю”, – зазначылі Святлана Ільюшэнка і Ірына Цітова. Але магчыма, гэта была і плыўчыха, бо калі да калег падышла Вольга Жыткая, вядомая сваімі перамогамі на блакітных дарожках, тыя зазначылі, што менавіта яна стала правобразам для снежнай фігуры.

А вось з прататыпам скульптуры аб’яднанай каманды культработнікаў і Дэпартамента аховы лепей не сустракацца – але грыбнікі ды леснікі раз-пораз натрапляюць у зарасніках на гаспадара нашых лясоў – бурага мішку. Хто-хто, а Юрый Канстанцінавіч Пашковіч, які доўгі час працаваў у лясгасе, а зараз узначальвае Дом рамёстваў, добра ўяўляе сабе гэтага “натуршчыка” – мабыць таму і атрымаўся выраблены пад яго кіраўніцтвам звер такім рэчаісным!

Перад журы, узначальваў якое начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак, стаяла няпростая задача – і ў выніку ўсе каманды былі адзначаны прызавымі месцамі: райвыканкам атрымаў “бронзу”, школьны экспанат даплыў да “срэбра”, ну а тыгр з мядзведзем, як і мае быць, падзялілі залатыя каралеўскія паўнамоцтвы.

Ну а ў адной выснове сышліся, напэўна, усе ўдзельнікі і гледачы: свята атрымалася бадзёрым, яркім і цікавым. “Мы прыйшлі на мерапрыемства, каб правесці дзень на вольным паветры і пахварэць за каманды, – расказалі нам Галіна Васільеўна і Аляксандр Мікалаевіч Баратынскія. – Вось толькі так і не рашылі, за каго больш перажываць, бо адзін наш сын выступаў за каманду райвыканкама, а другі вучыцца на выратавальніка”. Зрэшты, менавіта гэтым дружынам дасталіся адпаведна другое і першае месцы ў агульным заліку. Трэцяй стала каманда Ушацкай школы. Як заўсёды сваімі прызамі адзначыў удзельнікаў вясёлай эстафеты райкам БРСМ, а раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” падрыхтавала спецыяльны падарунак за актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах – яго ўладальніцай стала прадстаўніца МНС Крысціна Карзянок, без якой не абыходзіцца, напэўна, ніводнае раённае спаборніцтва. Верагодна, убачым мы дзяўчыну і яе калег і на “Беларускай лыжні-2022” – хочацца спадзявацца, што нябесная канцылярыя праявіць сваю літасць і да ўдзельнікаў чарговага зімовага свята.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *