У мінулую пятніцу чарговы дзень жывёлавода прайшоў на новым малочнатаварным комплексе ў Завячэллі. Да работнікаў комплексу завіталі знаёмыя артысты, удзельнікі аўтаклуба Г.Краўчонак, І.Клімава, Ю.Канстанцінаў, якія ператварылі звычайны рабочы дзень у крыху святочны, разнастаілі працоўныя будні працаўнікоў “Райаграсэрвісу”.
Сёння на комплексе працуе 18 чалавек, з іх 4 аператары машыннага даення кароў. Усе яны ўжо прывыклі да новага месца і асвоілі сваю справу. Паколькі працуюць пазменна, то не ўсе змаглі прысутнічаць на дні жывёлавода. Эканаміст сельгаспрадпрыемства агучыла некаторыя лічбы па комплексе, кожны з работнікаў меў магчымасць задаць канкрэтнае пытанне і атрымаць на яго адказ.
За першы месяц бягучага года валавы надой па комплексе склаў 79737 кілаграмаў малака. Практычна ўсё малако здаецца “экстрай” і выручка ад рэалізацыі атрыманай прадукцыі за студзень склала 104 мільёны рублёў. Сярэдні ж надой на адну карову ў 2010 годзе – 3655 кілаграмаў. Улічваючы перыяд адаптацыі жывёлы на новым месцы, запоўненасць комплексу, першыя ацёлы, гэта нядрэнны вынік работы жывёлагадоўчага аб’екта. У будучым пры такім раскладзе работы сярэдні надой будзе не менш 5 тысяч кілаграмаў на карову.
Работнікі культуры ўручылі працаўнікам комплексу вялікі каравай, праспявалі для іх любімыя песні, расказалі вясёлыя гумарэскі, а таксама павіншавалі імяніннікаў студзеня і лютага, мужчын з надыходзячым днём абаронцаў Айчыны.
В.ПОЛАЗАВА.