У тым, што існуе хакейная каманда вуліцы Дуброўскага – няма нічога незвычайнага. Жыхары гэтай і навакольных вуліц даўно становяцца на канькі, каб у свой вольны час адпачыць па максімуму. Тут і юнакі, і ветэраны, галкіперу Аляксандру Курбаку, напрыклад, ужо за 50. У былыя зімы яны пастаянна саджалку расчышчалі, падтрымлівалі ў норме лёд, на які выходзілі малыя і дарослыя. Сюды, на Е.Лось сыходзіліся аматары хакея з усяго гарпасёлка. Потым і на вялікі лёд замахнуліся – пачалі расчышчаць пляцоўку на возеры Чаравэчча, каб гуляць па нармальных стандартах.
Кожныя выхадныя вось ужо тры тыдні запар сюды прыходзяць усе жадаючыя. Не забываюцца на традыцыю і ўшацкія студэнты, моладзь, якая на выхадныя прыязджае дадому. Састаў каманд часта ўмоўны. Галоўнае, каб гульня атрымалася.
Вось і ў мінулую суботу на возеры на сяброўскую сустрэчу сабраліся тры каманды: вуліцы Дуброўскага, зборная гарпасёлка і былыя выхаванцы і трэнеры ДЮСШ. Расчырванелыя, стомленыя вярталіся яны з лёду, які ўзорным, дарэчы, не назавеш. Аднак шчаслівыя. Адпачынак атрымаўся. І зусім не важна, хто на гэты раз перамог. Ну а раённыя спаборніцтвы па хакею плануецца правесці разам з “Беларускай лыжнёй” у суботу на традыцыйным месцы – ля ляснога масіву ў мікрараёне катэджнай забудовы. Прыходзьце пахварэць, а яшчэ лепш – станавіцеся ўдзельнікамі. Здаровым і актыўным і грып не страшны.
В.КАРАЛЕНКА.
На здымку: ушацкія аматары хакея.