В ТЦСОН Ушачского района теперь можно заказать эксклюзивный подарок для друзей и близких

Общество

Цяпер ва ўшачан яшчэ больш магчымасцяў парадаваць сяброў і блізкіх арыгінальным падарункам. Абсталяванне для сублімацыйнага друку, што з’явілася ў снежні ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, прайшло неабходную абкатку – з “канвеера” пачалі выходзіць кружкі, талеркі з эксклюзіўнымі надпісамі і малюнкамі.

Азы сублімацыйнага друку Н.Глінская дэманструе ўшачаніну Артуру Дробату.

Па словах загадчыцы аддзялення Н.М.Глінскай, набыць такую прадукцыю ўжо з панядзелка можна будзе ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы” ці непасрэдна ў спецыялістаў ТЦСАН у Градзянцы. Дарэчы, апошнія прапануюць не толькі выбраць з ужо наяўнага, але і зрабіць індывідуальны заказ – з вашымі фотаздымкамі, малюнкамі, тэкстам. Для гэтага нават не абавязкова выходзіць з дому – вы проста тэлефануеце па нумары 5-99-73, дамаўляецеся аб паслузе, любым зручным для вас спосабам (напрыклад, праз электронную пошту, Viber) узгадняеце канчатковую выяву. У той жа дзень, а для буйных заказаў (напрыклад, для работнікаў якой-небудзь арганізацыі) – максімум праз адзін-два – атрымліваеце рэчы. Прычым, даставіць іх па адрасе райцэнтра могуць і самі работнікі сацслужбы – пры заказе ўдакладніце гэтае пытанне.

“Для вырабу выкарыстоўваецца спецыяльны матэрыял, – дэманструючы новую “вытворчую” кропку, расказвае Наталля Мікалаеўна. – Звычайныя чарнілы для прынтара, на якім люстэркава друкуем будучы малюнак, не падыдуць. Гэта ж адносіцца і да паперы, і нават скотча, якім мацуецца лісток да паверхні. У Віцебску заказваем і непасрэдна кружкі, талеркі. У бліжэйшай перспектыве плануем заняцца нанясеннем выяў яшчэ і на футболкі, кепкі – абсталяванне дазваляе гэта зрабіць”.

Дарэчы, займацца такой скрупулёзнай і вельмі цікавай справай будуць не толькі работнікі аддзялення, але і яго наведвальнікі. Ужо зараз з некаторымі праводзяцца спецыяльныя заняткі – людзі з інваліднасцю вучацца новаму, набываюць пэўныя працоўныя навыкі.

Кожны кліент можа разлічваць на індывідуальны падыход. І ўсё па даволі прымальным кошце. За прыгожую кружку, напрыклад, давядзецца заплаціць усяго 8 рублёў. Паглядзець работы, “выпушчаныя” ў аддзяленні, можна на старонках ТЦСАН Ушацкага раёна ў сацыяльных сетках “ВКонтакте”, “Одноклассники” ці “Instagram”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *