«С каждым пожаром приходится разбираться до 10 дней»: Сергей Пацейко о работе спасателя

Общество

Апошнюю навагоднюю ноч старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Паўлавіч Пацэйка правёў на рабоце – да 4 гадзін раніцы высвятляў абставіны і папярэднія прычыны пажару з гібеллю ў Арэхаўне, што адбыўся вечарам 31 снежня. Менавіта расследаванне такіх здарэнняў – адзін з асноўных і складаных абавязкаў выратавальніка.

“Калі верыць прыкмеце “Як сустрэнеш Новы год – так яго і правядзеш”, то сёлета перадыху ў мяне не будзе!” – кажа С.П.Пацэйка. Між тым, з кожным пажарам даводзіцца разбірацца да 10 дзён. Пасля агляду і збору тлумачэнняў, правядзення экспертыз робяцца вывады з сабранага матэрыялу, афармляецца стос дакументаў, у тым ліку для выдачы пацярпелым страховак, даведак. “Аднолькавых пажараў не бывае, а таму зрабіць усё “на аўтамаце” і па аналогіі ніяк не атрымаецца. У кожным выпадку трэба скрупулёзна разбірацца. Памятаю, неяк пасля пажару ў Глыбачцы толькі пасля чатырох экспертыз удалося высветліць, чаму загарэлася лазня. А вось не прымаць здарэнні блізка да сэрца за гэтыя гады навучыўся, хоць, канечне, шкада, калі гінуць землякі”, – кажа С.П.Пацэйка.

А служыць у МНС ён ужо без малага 19 гадоў. Пасля арміі, якую праходзіў у знакамітай 103-й мабільнай брыгадзе, вырашыў вярнуцца на малую радзіму і ўладкавацца ў пажарную часць. Пачынаў працоўны шлях вадзіцелем. “Гэта быў 2004 год, першы мой выезд на пажар выпаў на навагоднія святы, тады абышлося без ахвяр і вялікіх матэрыяльныя страт, а калегі не пашкадавалі вады для майго баявога хрышчэння. А калі прыгадаць самы складаны выпадак за ўсю кар’еру, то гэта ў Рагуцкіх – яго памятаюць многія былыя і сённяшнія працаўнікі: у агні загінуў 9-гадовы хлопчык, якога бацькі пакінулі дома аднаго. Тушэнне тады ўскладнялася вельмі моцным марозам, што ледзь вытрымлівала тэхніка”, – прыгадвае Сяргей Паўлавіч.

У 2011-м ён завочна скончыў Гомельскі камандна-інжынерны інстытут і быў назначаны на пасаду інспектара. Зрэшты, акрамя расследавання прычын пажараў хапае іншай работы. Разам з калегам Віталем Карэйшам яны праводзяць маніторынгі, планавыя і выбарачныя праверкі, абследуюць населеныя пункты па навядзенні парадку, аб’екты будаўніцтва і ажыццяўляюць іх прыёмку, выязджаюць у рэйды падчас сельскагаспадарчых кампаній, уваходзяць у склад аглядавых камісій і праводзяць з насельніцтвам прафілактычную работу. “Адзначу, што яна дае плён – раней намнога больш было здарэнняў, – прыкмячае С.П.Пацэйка. – І ўсё ж людзі ігнаруюць правілы, якія мы з году ў год паўтараем тысячы разоў. Паленаваліся пачысціць комін – загарэлася сажа, ператапілі печ, кінулі акурак… Бяды ў многіх выпадках можна было б пазбегнуць”.

Ён не толькі вопытны выратавальнік, а і добры гаспадар – на сваёй здаецца і без таго ўзорнай сядзібе ў Арэхаўне не стамляецца нешта рабіць, будаваць, даводзіць да ладу. З разуменнем да няпростай работы адносіцца яго сям’я, бо і ў выхадныя, і ноччу па трывожным сігнале ён адпраўляецца на выклік услед за пажарнымі разлікамі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *