Убачыўшы ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН шыкоўную выставу работ, выкананых у тэхніцы модульнага арыгамі, проста не змаглі не пацікавіцца ў работнікаў, якія майстры над гэтым чаравалі. Адказ, шчыра кажучы, здзівіў. Аказваецца, і грацыёзны лебедзь, і прыгожыя паўліны, і ўнікальныя кошыкі, вазы, цукерніцы – справа рук усяго адной наведвальніцы В.Т.Клундук.
З прыгаданым відам мастацтва Валянціна Трафімаўна пазнаёмілася адносна нядаўна. У гуртку дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Цуды сваімі рукамі” працавала з розным матэрыялам. Тое ж, што можна са звычайнай паперы вырабляць сапраўдныя шэдэўры, якія і ўласны інтэр’ер упрыгожаць, і блізкіх у якасці падарунка парадуюць, зразумела, калі ўпершыню ўбачыла падобную рэч, выкананую кімсьці з наведвальнікаў аддзялення ў якасці эксперыменту. “Хачу таксама паспрабаваць!” – агучыла ўшачанка кіраўніку гуртка і, атрымаўшы стос лістоў і патрэбныя парады, пачала вырабляць модулі. Прычым, так захапілася, што займалася паслядоўным складаннем паперы ўздоўж геаметрычных ліній і дома. Ну а ўжо непасрэдны збор фігур, схемы якіх з Інай Аляксееўнай Ларчанка знаходзілі ў інтэрнэце, праходзіў на занятках – паколькі клей пры гэтым практычна не выкарыстоўваецца, трэба ўважліва кантраляваць счапленне модуляў.
Карысць падобных заняткаў цяжка пераацаніць, упэўнена загадчык аддзялення Таццяна Анатольеўна Шышко. Займаючыся арыгамі, пажылыя людзі становяцца ўдзельнікамі захапляльнага ператварэння папяровага квадрата ў арыгінальную фігуру – кветку, скрыначку, матылька. Гэты працэс нагадвае фокус, што заўсёды выклікае радаснае здзіўленне. Да таго ж практыкаванні на дробную маторыку падтрымліваюць і развіваюць мысленне, увагу, памяць. Таму японскае мастацтва добра ўпісваецца ў комплекс рэабілітацыйных мер пры розных захворваннях, прафілактуе дэменцыю.
Модульнае арыгамі ў “Цудах сваімі рукамі” зацікавіла таксама Лідзію Міхайлаўну Малаткавец, Тамару Аляксееўну Чабатар. Для іх Валянціна Трафімаўна Клундук праводзіць невялікія майстар-класы, спадзеючыся, што ў іх творчай кампаніі хутка з’явяцца новыя члены. Сама ж жанчына спыняцца на дасягнутым не збіраецца – ужо плануе папрацаваць над “узвядзеннем” папяровых помнікаў архітэктуры.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.