Адна з важных работ для аграрыяў у зімовы час – вывазка арганікі пад яравы сеў. Бо, як вядома, будучы ўраджай залежыць не толькі ад таго што пасееш і як, а і ў многім ад унесеных у глебу ўгнаенняў, захавання тэхналогіі. Сёлета на палі раёна трэба вывезці 180 тысяч тон арганікі. На сённяшні дзень заданне выканана на 66 працэнтаў.
У апошні час актыўна вядзецца гэта работа ў КУСГП “Дубраўка”. Спачатку вывозілі арганіку сваімі сіламі, аднак выйшаў са строю пагрузчык, таму і заключылі дагавор з прадпрыемствам меліярацыйных сістэм, пасля чаго работа пайшла намнога хутчэй. Ужо два тыдні тэхніка УП “Ушацкае ПМС” дапамагае гаспадарцы – 5 адзінак на адвозцы і пагрузчык. Ачысцілі “аўгіевы стайні” на адным жывёлагадоўчым аб’екце, пераехалі на ферму Хадакова, дзе мы і засталі іх за работай.
– Колькасць вывезеных за дзень тон залежыць у першую чаргу ад адлегласці. Вось ужо некалькі дзён адвозім арганіку на бліжэйшае поле, таму і аб’ём выкананай работы дастаткова вялікі, амаль ні хвіліны не прастойвае ў чаканні пагрузчык, – расказваюць працаўнікі прадпрыемства.
Такая арганізаваная работа дазволіла гаспадарцы вывезці на палі 12406 тон арганікі, што складае 73 працэнты да плана. Актывізавалася работа і ў іншых гаспадарках. У “Глыбачанах” ужо вывезена больш 85 працэнтаў ад задання, 71 – у “Агра-Селішчы”, больш 60 – у “Вялікадолецкім”, “Дземенцы”, “Кублічах”. Больш чым на 50 працэнтаў выканана заданне ў “Арэхаўне” і “Ільюшынскім”, а таксама “Райаграсэрвісе”, дзе і самае вялікае заданне – 30 і 40 тысяч тон адпаведна. Задачы дасягальныя дзякуючы вопыту, тэхніцы і сродкам. Ну а час прыспешвае, неўзабаве наступіць і пасяўная кампанія.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: трактарыст В.У.Хамёнак і машыніст-экскаватаршчык У.І.Пашута.