Дубраўская базавая школа-дзіцячы сад носіць імя Героя Савецкага Саюза К.П.Кутрухіна. Штогод 1 лютага мы ўшаноўваем памяць героя. Сёлета споўнілася 95 гадоў з дня яго нараджэння.
Канстанцін Пракоф’евіч Кутрухін нарадзіўся ў вёсцы Удзельны Юрынскага раёна Марыйскай АССР. Пасля заканчэння васьмі класаў хлопец пайшоў працаваць у калгас, а пасля служыць у войска. За выдатную службу ўзнагароджваўся пахвальнымі граматамі. Пасля зноў вярнуўся на працу ў родны калгас.
У 1942 годзе Канстанцін Пракоф’евіч пайшоў абараняць Радзіму. Стойка і мужна змагалася ў наступальных баях аддзяленне Кутрухіна, імі было знішчана 80 варожых салдат і афіцэраў.
У баі 27 чэрвеня 1944 года ў раёне вёсак Хадакова і Татаршчына Ушацкага раёна сяржант Кутрухін павёў сваё аддзяленне на рашучы штурм варожага дзота, які сваім агнём спыняў наступ нашых падраздзяленняў. Дасягнуўшы яго, ён кінуўся ўсім целам на амбразуру, а падраздзяленне пайшло ў атаку і завалодала населеным пунктам.
К.П.Кутрухін быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Сталінграда”, у 1945-м яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Напярэдадні дня ўшанавання памяці героя піянеры 6 і 9 класаў нашай школы добраўпарадкавалі брацкую магілу, дзе пахаваны К.П.Кутрухін, а таксама абеліск на месцы яго гібелі. Па традыцыі 1 лютага ў школе адбылася ўрачыстая лінейка, на якой вучні ўзгадалі старонкі гераічнага мінулага, прачыталі вершы, а таксама ўсклалі кветкі да брацкай магілы.
Вучаніца 9 класа А.Сталбунова правяла для акцябрат экскурсію ў школьным музеі. Дзеці пазнаёміліся з біяграфіяй Канстанціна Пракоф’евіча, яго подзвігам, пісьмамі і фотаздымкамі. Вучні 5-9 класаў паглядзелі прэзентацыю “Імя героя носіць школа”, якую падрыхтаваў піянерскі атрад “Сузор’е” (9 клас). Рэдкалегія піянерскай дружыны імя К.П.Кутрухіна выпусціла сценгазету “Імя героя ў нашых сэрцах”.
Праведзеныя мерапрыемствы адкрылі месячнік патрыятычнага выхавання, які праводзіцца ў школе на працягу лютага.
П.БАКЛУШЫНА,
старшыня савета дружыны імя К.П.Кутрухіна.