Напярэдадні новага года ў Віцебску прайшоў пленум савета Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, на якім быў абраны новы кіраўнік. Старшынёй стаў Юрый Дзяркач, доктар медыцынскіх навук, які з 2010 па 2020 год узначальваў упраўленне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, апошні час працаваў урачом-педыятрам у абласным дзіцячым клінічным цэнтры.
У 2021-м годзе прафсаюзныя рады папоўнілі 3 тысячы чалавек. У Віцебскай вобласці з’явілася 308 новых пярвічак, з іх 298 – у недзяржаўным сектары эканомікі. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з сацыяльнымі партнёрамі з’явілася 286 новых вытворчасцяў і арганізацый, на якіх створана 850 працоўных месцаў. Пытанне своечасовай выплаты зарплаты на прадпрыемствах было і застаецца на кантролі прафсаюзаў і мясцовых органаў улады. Асаблівую ўвагу прафсаюзы надаюць рэалізацыі канцэпцыі нулявога траўматызму. Тэхнічныя інспектары працы прафсаюзаў выявілі каля 4 тысяч парушэнняў заканадаўства аб ахове працы, выдалі 487 рэкамендацый.
– У 2022 годзе абласное прафаб’яднанне плануе працаваць над захаваннем стабільнасці ў працоўных калектывах. Важна зрабіць усё магчымае для людзей, павысіць якасць і ўзровень жыцця працоўных. Мы прыкладзём усе намаганні, каб захаваць сацыяльныя гарантыі і тое, чаго ўжо дасягнулі, – падкрэсліў новы прафсаюзны лідар вобласці.
На пасяджэнні абмеркавалі праграму дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі да 2025 года. Не абышлося і без урачыстых момантаў: за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, плённае супрацоўніцтва з прафсаюзнымі арганізацыямі рэгіёнаў Прафсаюзным знакам Пашаны ўзнагароджаны асобныя намеснікі старшыняў райвыканкамаў, якія курыруюць сацыяльную сферу. Сярод іх і намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч.