Грипп и его профилактика

Общество

З непазбежнасцю, з якой лета змяняецца восенню, а восень – зімой, наступае сезон грыпу. Гэта адзіная інфекцыя, якая выклікае штогадовыя эпідэміі і перыядычныя пандэміі, якія ахопліваюць да 30% насельніцтва зямнога шара. Штогод па статыстыцы ў Рэспубліцы Беларусь грыпам і вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі хварэе кожны трэці жыхар краіны. Варта адзначыць, што сярод усіх захварэлых больш паловы – дзеці да 14 гадоў.

У адпаведнасці з прагнозам Нацыянальнага цэнтра па грыпе, пачатак эпідэмічнага ўздыму захворвання грыпам і вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь чакаецца ў другой палове студзеня – пачатку лютага.

Найбольш эфектыўным і эканамічным метадам прафілактыкі грыпу з’яўляецца вакцынапрафілактыка. Яе перавагі відавочныя. Першым чынам, гэта строгая спецыфічнасць вакцын да найбольш актуальных у сезоне штамам віруса грыпу. Не патрабуе значных матэрыяльных выдаткаў, бо прышчэпка праводзіцца аднакратна ці двукратна (дзецям). Усе дазволеныя вакцыны праходзяць кантроль якасці.

Пры прафілактыцы лекавымі сродкамі рэкамендуецца ўжыванне антыгрыпіна, амантадзіна, рэмантадзіна, арбідола і іншых. Добрым прафілактычным сродкам таксама з’яўляецца аксалінавая мазь, яна не мае супрацьпаказанняў, ужываецца як сталымі людзьмі, так і ў дзецьмі.

У перыяд сезоннага ўздыму вострых рэспіраторных захворванняў, рэкамендуецца ўжываць прэпараты, якія спрыяюць павышэнню імунітэту. Для гэтых мэт выкарыстоўваюцца вітаміны (С, А і групы В, якія змяшчаюцца ў комплексах “Гексавіт”, “Рэвіт”, “Дэкамевіт”, “Ундэвіт”, сіропе з пладоў шыпшынніка і інш.), а таксама адаптагены расліннага паходжання (настойка араліі, экстракт элеутэракока, настойка і экстракт жэньшэня), антыаксідантныя комплексы. З прафілактычнай мэтай могуць ужывацца шматлікія гомеапатычныя прэпараты і сродкі народнай медыцыны.

У перыяд эпідэміі неабходна пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей, як мага больш часу праводзіць на свежым паветры, не пераахалоджвацца, пазбягаць стрэсавых сітуацый. Пры наяўнасці хворага ў сям’і важна правядзенне простых мерапрыемстваў: ізаляцыі хворага, выдзялення яму асобнага посуду, ручніка, праветрыванне і дэзінфекцыя памяшкання.

А калі захварэлі, не займайцеся самалячэннем, звярніцеся да спецыялістаў. Неабходна берагчы сваё здароўе, прыслухоўвацца да парад урачоў, выконваць іх рэкамендацыі – і тады ніякі грып не страшны. Будзьце здаровыя!

Я.ТАЛАЛУЕЎ,

галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *