Мне асабліва хочацца напісаць пра гэтага чалавека толькі па той прычыне, што памятаю яе з самага ранняга дзяцінства. Дзіцячая памяць захавала маладую і вельмі прыгожую Надзею Мікалаеўну Сідарэнка. Ужо потым успрынялося, што яна часта бывала ў нас дома. Мае бацькі былі настаўнікамі Весніцкай васьмігадовай школы, што месцілася ў Капцах, і працавалі разам з ёю.
Нарадзілася Надзея ў вёсцы Осаў Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Пасля заканчэння Савініцкай сярэдняй школы Надзея паступае і ў 1951 годзе заканчвае Аршанскі настаўніцкі інстытут. 3 гэтага часу лёс звязвае яе з Ушаччынай: год працуе настаўніцай у Вялікадолецкай сярэдняй, а потым у Весніцкай васьмігадовай школе. Спачатку настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, а з 20 жніўня 1954 года – дырэктарам школы. Работа сумяшчалася з вучобай у Магілёўскім педагагічным інстытуце.
Асабліва цяжка і адказна прыйшлося Надзеі Мікалаеўне ў першыя гады дырэктарства. Памяшканне школы было зроблена са старой царквы. Класы невялічкія і, прычым, трохвугольныя. Займаліся ў дзве змены.
Малады дырэктар вырашае будаваць новую школу. Было вельмі складана. 3 самой раніцы шукала рабочых, аб’ездзіўшы на веласіпедзе бліжэйшыя вёскі. 3 імі ездзіла ў лес рэзаць бярвенне. Арганізоўвала яго прывоз у Капцы.
У сувязі з гэтым Надзея Мікалаеўна ўспамінала: «Лес дапамагалі грузіць мужчыны-настаўнкі Ф.Н.Волах, С.Е.Дрозд, М.А.Кірпіч. Трэба было нарыхтаваць мох, каб з’імшыць школу. Я папрасіла вучняў-дабравольцаў пайсці са мной у лес. На маё здзіўленне большасць адгукнулася, за што ім вельмі ўдзячна. Было мокрае лета. Балота напоўнена вадою».
Ва ўрачыстай абстаноўцы новая школа была адкрыта. Потым такім жа чынам пабудавалі сталовую, арганізавалі бясплатныя абеды для вучняў.
Школа была мнагалюднай – вучылася больш 200 дзяцей з 14 вёсак. Праз нейкі час намаганнямі дырэктара быў пабудаваны інтэрнат для дзяцей з аддаленых вёсак: Зарубаўшчыны, Лясін, Глінішча, Афераўшчыны. Было і такое, што настаўнікі самі нарыхтоўвалі дровы для школы.
У той час школа стала адной з лепшых у раёне.
Многа асабістага часу аддавалася грамадскай працы. Настаўнікі на чале з дырэктарам выступалі з дакладамі і канцэртамі па вёсках, працавалі з бацькамі. Надзея Мікалаеўна з цеплынёй успамінала і адзначала добрую працу настаўніцы гісторыі Н.Б.Хамічонак, матэматыкі Ф.Н.Волаха, рускай мовы і літаратуры Я.Т.Смаляк.
Нязменна была дэпутатам Вялікадолецкага сельскага Савета, узначальвала пярвічную арганізацыю таварыства «Веды» саўгаса «Касары». Узнагароджвалася шматлікімі Ганаровымі граматамі ўстаноў, арганізацый і Міністэрства адукацыі БССР. Мела званне Выдатніка народнай асветы. У 1967 годзе ўзнагароджана медалём «За трудовую доблесть».
Вельмі прыемна было даведацца, што Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 28 верасня 1974 года Надзеі Мікалаеўне прысвоена ганаровае званне Заслужаны настаўнік Беларускай ССР.
Жанчына аддала ўсё жыццё школе.
3 верасня 1985 года знаходзілася на пенсіі. Пераехала жыць у Магілёў, бліжэй да радні. На жаль, яе няма ўжо разам з намі. Добрая памяць аб ёй жыве ў былых вучняў, калег і людзей касарскога краю.
У гэтым годзе Надзеі Мікалаеўне споўнілася б 80 год.
М.КІРПІЧ,дырэктар музея народнай славы імя У.Е. Лабанка.