Сотрудник Белагропромбанка Наталья Демешко всегда совершенствуется и работает на результат

Общество

Складаючы ўмоўную характарыстыку ўзорнага банкаўскага работніка, не абыдзешся без эпітэтаў “уважлівы”, “уседлівы”, “педантычны”. Аднак з тымі, хто лічыць гэту прафесію сухаватай і не надта яркай, можна паспрачацца. Асабліва пасля знаёмства з такімі шчыра захопленымі сваёй справай спецыялістамі, як загадчык сектара карпаратыўнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг №237 у г.п.Ушачы Рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці Белаграпрамбанка Наталляй Мікалаеўнай Дзямешка.

“Чаму выбрала эканамічную адукацыю? Тут усё проста: у школе любімым прадметам была матэматыка”, – тлумачыць яна. У эканамістаў увогуле шырокае поле запатрабаванасці, а са сваім наборам дзелавых якасцяў Наталля магла б дастойна праявіць сябе ў многіх сферах. Напрыклад, працягнуць сямейную дынастыю: яе маці прысвяціла жыццё паштовай справе, рэалізавалася ў ёй і старэйшая сястра. Але сталася так, што гераіня аповеду пачала кар’еру ў сацыяльнай сферы. Калі ж у 2008 годзе з’явілася вакансія ў Белаграпрамбанку – вырашыла паспрабаваць тут свае сілы, тым больш што гэта горача раіла сяброўка Вераніка Міхейка. Апошняя, да слова, з’яўляецца зараз супрацоўніцай Віцебскай дырэкцыі і курыруе сферу карпаратыўнага бізнесу, так што яны па-ранейшаму ў цесным дзелавым і сяброўскім кантакце.

Ну а Наталля першыя азы банкаўскай справы спасцігала ў рабоце на касе, але хутка была пераведзена ў аддзел актыўных банкаўскіх аперацый, дзе ёй быў даручаны адказны сектар – крэдытаванне юрыдычных асоб.

– Мне пашанцавала, што побач працавалі такія вопытныя і добразычлівыя калегі, як начальнік нашага аддзела Ніна Сцяпанаўна Бумага, галоўны спецыяліст Тамара Аляксандраўна Лазарэнка, – зазначае Н.Дзямешка. – Не толькі прафесіяналізму, а і адданасці сваёй арганізацыі можна павучыцца ў нашых старажылаў Ларысы Леанідаўны Полазавай і Валянціны Віктараўны Пячуры. За гэтыя гады мне давялося папрацаваць пад кіраўніцтвам Галіны Анатольеўны Цісковіч, Ірыны Барысаўны Бурак, з якімі калектыў і зараз падтрымлівае цёплыя адносіны. Дастойна працягвае іх справу і цяперашні начальнік цэнтра Дзіна Міхайлаўна Садоўская, на якую апроч звычайных абавязкаў ляглі і клопаты па рамонце будынка банка. Ён, дарэчы, ужо практычна завершаны, усе службы размясціліся на першым паверсе і такая аптымізацыя мае свае зручнасці і для нас, і для кліентаў. Хачу таксама выказаць добрыя словы ў адрас Святланы Рыгораўны Казакевіч, з якой мы працуем у дружным тандэме, дзелім увесь груз спраў па сектары карпаратыўнага бізнесу. Шчыра прызнаюся, што адаптавацца ў спецыфічнай і вельмі адказнай банкаўскай справе мне было няпроста, узнікалі нават думкі яе пакінуць, і менавіта дзякуючы падтрымцы калег я не зрабіла гэтага кроку – пра што зараз зусім не шкадую!

У банкаўскай справе нельга застываць на падмурку базавых ведаў і навыкаў, трэба пастаянна дапаўняць іх, бо толькі на працягу года асноўныя рэгламенты і інструкцыі мяняюцца па 3-4 разы. Так, калі дзесяцігоддзе таму пераважная доля крэдытаў выдавалался на рэканструкцыю вытворчых аб’ектаў гаспадарак, будаўніцтва жылля на сяле, то зараз – на набыццё ўгнаенняў і паліва, суправаджэнне раней выдадзеных крэдытаў. У цяперашні час значны ўпор робіцца на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу. Да прыкладу, у Віцебскай вобласці распрацаваны новы прадукт па льготным крэдытаванні сялянска-фермерскіх гаспадарак, якія могуць атрымаць на бягучую і інвестыцыйную дзейнасць да мільёна рублёў пад 3 працэнты. На разглядзе банка зараз два кліенты, што пачалі развіваць фермерства ва Ушацкім раёне.

– Мой дэвіз – працаваць на вынік, – зазначае Наталля Мікалаеўна. – А для гэтага шукаем індывідуальны падыход да кожнага кліента, падказваем больш выгадныя варыянты. На жаль, бываюць выпадкі, калі даводзіцца адмаўляць у крэдыце – мы абавязкова гэта аргументуем. Затое як прыемна, калі пытанне вырашаецца станоўча і ты адчуваеш сваё дачыненне да годных спраў, спрыяеш развіццю і абнаўленню. Гэта лепшыя моманты нашай працы!

Работнікі банка пастаянна супрацоўнічаюць са спецыялістамі райсельгасхарча, розных арганізацый раёна, і важна, каб у гэтых стасунках панаваў прафесіяналізм. Так, па словах Н.Дзямешкі, заўсёды прыемна весці справы з такімі вопытнымі работнікамі, як Вольга Сяргееўна Яловік з ААТ “Дземенец”, Ірына Мечыславаўна Краснова з КУСГП “Глыбачаны”, Святлана Сцяпанаўна Драгун з лясгаса, Марына Іванаўна Дуброўская з “Лясных азёр”, шэрагам іншых спецыялістаў.

Любімая работа – гэта вельмі важна, але немагчыма быць цалкам шчаслівым без сямейнага дабрабыту. І два з паловай гады таму ў жыцці гераіні аповеду адбылася, напэўна, самая важная падзея: на свет з’явіўся сынок. Але тры гады дэкрэтнага адпачынку жанчына выкарыстоўваць не стала: сумавала па калектыве, ды і ў доглядзе за малышом ёсць выдатная памагатая – яе мама. Хоць былі ў Наталлі заманлівыя прапановы наконт пераезду ў горад – засталася тут, у дарагім сэрцу бацькоўскім доме на ціхай вуліцы Еўдакіі Лось. Яна любіць гэтую зямлю, у вольны час з задавальненнем займаецца агародніцтвам, марыць абнавіць пладовы сад на сядзібе. А з такім характарам усе яе задумы абавязкова спраўдзяцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *