К каждому — свой подход. Соцработник Зоя Пранник уже 13 лет спешит на помощь к пенсионерам

Общество

У працоўнай кніжцы гераіні нашага аповеду – некалькі запісаў, прычым, вельмі рознага “спектра”: ад прыбіральшчыцы, няні да… вартаўніка. І хоць марыла ў дзяцінстве З.М.Праннік па прыкладзе маці стаць тэхнолагам грамадскага харчавання, ранняе замужжа, нараджэнне дзетак прымусілі перагледзець жыццёвыя арыенціры. Аднак за гэта ўраджэнка вёскі Роўбы на лёс не скардзіцца – у любой сферы ёй камфортна, на пасадзе ж сацыяльнага работніка, якую займае зараз, увогуле знайшла сябе.

– Вельмі любіла працаваць з дзеткамі, таму ўладкавалася ў адзін з ясляў-садоў райцэнтра, – расказвае Зоя Мікалаеўна. – Вось толькі сямейныя абставіны прымусілі перайсці на аптова-гандлёвую базу, дзе 17 год была прыбіральшчыцай. Чаму пайшла на гэта? Усё проста: днём паспявала сыну, дачушцы годную ўвагу ўдзяліць, па гаспадарцы справіцца (заўсёды былі свінні, куры, індыкі, іншая жыўнасць) ды і матулі, якая кароўку трымала, дапамагчы, а ўжо ўвечары бегла на работу.

Крыху здзівіліся блізкія, калі жанчына зноў правяла прафесійную “рэформу”, уладкаваўшыся вартаўніком на прамкамбінат. Прадстаўніцы слабай паловы, казалі яны, рызыкоўна адной уначы сачыць за парадкам на тэрыторыі. Аднак у такой “спецыфіцы” Зоя Мікалаеўна нічога страшнага не бачыла – гучным упэўненым голасам не адну кампанію выпівох на месца паставіла, прымусіўшы змяніць кропку дыслакацыі.

– А потым быў чарговы “пераварот”, – смяецца жанчына. – На гэты раз стала няняй для шасцімесячнага хлопчыка з Ушач. Яго матуля, каб сабраць грошай і пабудаваць кватэру, рана выйшла з дэкрэтнага. Вось і трэба было дагледзець малыша да таго моманту, калі той зможа пайсці ў садок. Адмовіць я не змагла, тым больш што вопыт мела, ды і ўнучка такога ж узросту падрастала. І толькі пасля гэтага стала сацработнікам у ТЦСАН.

Пайшоў ужо трынаццаты год, як З.М.Праннік спяшаецца да сваіх падапечных пенсіянераў – іх зараз на абслугоўванні васьмёра. Графік для кожнага свой, у залежнасці ад узросту і стану зда­роўя. І яго сацработнік складае з улікам максімальнай камфортнасці для кожнага: адной бабульцы трэба сняданак прыгатаваць – да яе лепш раней завітаць, другой – печ пратапіць да ночы – значыць, яе адрасам варта завяршыць абход.

– Маім падапечным ад 70 да 95, палова з іх маюць інваліднасць, – расказвае Зоя Мікалаеўна. – Гады жыцця і хваробы нярэдка мяняюць характар, часам не ў лепшы бок, а дагадзіць трэба кожнаму, каб не было крыўд і нараканняў. Аднак, лічу, што мне пашанцавала з людзьмі – яны добрыя, не капрызныя, кожны дзень чую ад іх толькі цёплыя словы падзякі. Сапраўды блізкімі сталі мне Ганна Віктараўна і Пётр Дзмітрыевіч Качаны з вуліцы Каранеўскага (з імі працую з самага пачатку), Анастасія Ільінічна Нічыпурэнка з Ленінскай (мая самая “дарослая”, але дагэтуль актыўная бабуля), ды і ўсе іншыя. Пра кожнага ведаю ўсё: якое малачко лепш да абеду купіць, каму да дня нараджэння ўнука падарунак выбраць. Бывала, сэрца падказвала: трэба па-за графікам да некага забегчы. І не памылялася: знаходзіла бабулю ў цяжкім стане, выклікала “хуткую” – і ўсё, дзякуй Богу, абыходзілася…

Для сваіх падапечных Зоя Мікалаеўна не проста памочніца ў бытавых клопатах. Яна крыніца інфармацыі, сувязь са знешнім светам. У кожным доме, кватэры (на абслугоўванні – выключна жыхары райцэнтра) сацработнік праводзіць мінімум дзве гадзіны. Пакуль выконвае службовыя абавязкі, у яе цікавяцца навінамі, дзеляцца кулінарнымі рэцэптамі, успамінаюць мінулае.

Пасля ж працоўнага дня З.М.Праннік чакаюць дамашнія справы. Летам любіць схадзіць у лес па ягады, грыбы, шчыруе на агародзе. Дарэчы, вырашчаным жанчына дзеліцца з падапечнымі – смак яе гарбузовай кашы, часночных страў у сезон прастудных захворванняў ведаюць і любяць, напэўна, усе знаёмыя. Вольнага часу ў сацыяльнага работніка нямнога. Прысвячае яго дзецям і траім унукам. Ад іх чэрпае пазітыў, запас якога асабліва неабходны ў прафесіі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *