Сустрэча старшыні райвыканкама С.С.Садоўскага з работнікамі УП ЖКГ адбылася акурат перад Новым годам. Аднак не толькі гэта напоўніла яе пазітывам: прадпрыемства, па словах яго дырэктара А.А.Сідзюка, спрацавала сёлета вельмі паспяхова, што дазволіла і тэхнікай “парк” абнавіць, і фінансава калектыў парадаваць. Аднымі з першых пазнаёміліся камунальнікі і з праектам змяненняў, дапаўненняў у Канстытуцыю, які з’явіўся напярэдадні ў шырокім доступе.
Кіраўнік раёна, а таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак абмеркавалі з прысутнымі галоўныя тэзісы, выкладзеныя ў праекце. У выніку прыйшлі да высновы, што магчымыя навацыі носяць прагрэсіўны характар. Яны арыентаваны на тое, каб зрабіць нашу дзяржаву больш моцнай, а палітычную сістэму – устойлівай. Праект Асноўнага Закона замацоўвае захаванне гістарычных і маральных вытокаў беларускага народа. Таксама захоўваецца сацыяльна арыентаваны курс развіцця Беларусі. Гэта значыць, што ў складаных эканамічных умовах наша краіна, як і раней, будзе падтрымліваць розныя катэгорыі грамадзян, аказваць адрасную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Не змаглі абысці бокам камунальнікі і тэму вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі. Пасля сустрэч з галоўным урачом райбальніцы А.А.Міранковай, галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна П.А.Саўчанкам, наладжаных на прадпрыемстве, прышчапілася каля 90 працэнтаў калектыву. Аднак спыняцца на гэтым, падкрэсліў С.С.Садоўскі, не варта: не за гарамі чарговая хваля COVID-19. “Сярод тых, хто пакуль не праімунізаваўся, большасць – нядаўна перахварэўшых на каранавірус, прычым, працякала захворванне ва ўсіх па-рознаму, “расцягваючыся” ад некалькіх дзён да месяца, – зазначыў А.А.Сідзюк. – Думаю, жадаючых зноў трапіць на бальнічны ложак не знойдзецца, а значыць, вакцынавацца працягнем”.
Карыстаючыся выпадкам, камунальнікі папрасілі кіраўніка раёна разгледзець магчымасць зносу аварыйнага будынка былой гарадской лазні. Нягледзячы на зачыненасць, наяўнасць таблічак, якія забараняюць уваход, праверак з боку праваахоўнікаў, тут працягвае збірацца моладзь – а так і да трагедыі недалёка. Пытанне ўзята на кантроль.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.