“Прамая лінія” з намеснікам галоўнага ўрача Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Наталіяй Васільеўнай ДРОЗД, якая праходзіла ў рэдакцыі на мінулым тыдні, атрымалася даволі ажыўленай. Прапануем вашай увазе найбольш актуальныя звароты нашых чытачоў.
Адразу некалькі тэлефанаванняў датычылася стаматалагічных паслуг. Спецыяліста, які б мог вырваць зуб, з нядаўняга часу ў райбальніцы не стала – вось і скардзіліся жыхары райцэнтра і Садкоў на тое, што трэба ехаць у іншыя гарады і атрымліваць такую працэдуру на платнай аснове. Аднак Н.В.Дрозд удакладніла, што ніякай платы за гэта ў Полацкай стаматалагічнай паліклініцы (г.Полацк, вул.П.Броўкі, 73), з якой ва Ушацкай ЦРБ ёсць дамоўленасць, не бярэцца. Жыхарам нашага раёна варта загадзя запісацца на прыём да стаматолага-хірурга праз рэгістратуру гэтай установы аховы здароўя па нумарах +375 (214) 46-88-76, 46-88-78. Тое ж датычыцца і пратэзіравання зубоў – адзначаная паслуга, вядома, платная. “Прашу з разуменнем аднесціся да такой меры, – звярнулася да землякоў Наталія Васільеўна. – Праблема з кадрамі актуальная не толькі ў нашым раёне. Меркавалі запрасіць з Полацка хаця б па вызначаным графіку некалькі разоў на тыдзень стаматолага-хірурга, аднак і там гэтых спецыялістаў не хапае”.
Яшчэ адна ўшачанка пацікавілася, калі ва Ушацкай райбальніцы з’явіцца ўрач-кардыёлаг. “Ведаю, што спецыяліст праходзіў перападрыхтоўку і ўжо ў снежні павінен быў прыступіць да аказання кваліфікаванай дапамогі такога профілю, – адзначыла яна. – Месяц заканчваецца, а з праблемамі сэрца па-ранейшаму ісці няма да каго…” Н.В.Дрозд патлумачыла, што ў сувязі з няпростай эпідабстаноўкай у краіне курсы перападрыхтоўкі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі былі часова прыпынены, таму завяршыць навучанне наш доктар не змог. Але ж хвалявацца не варта: ужо зараз курсы аднаўляюцца – кардыёлаг, спадзяёмся, з’явіцца ў нас напачатку вясны. Пакуль жа атрымаць кардыялагічную дапамогу ва Ушачах можна ў спецыялістаў, якія вядуць у паліклініцы тэрапеўтычны прыём. Са своечасовым выяўленнем хвароб сэрца, расшыфроўкай электракардыяграм, прызначэннем лекаў праблем не павінна ўзнікнуць. У любым выпадку ёсць магчымасць трапіць на прыём да ўрача-кардыёлага Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, Віцебскага абласнога клінічнага кардыёдыспансера (для гэтага даецца неабходнае накіраванне) ці завочна з дапамогай тэлемедыцынскага кансультавання звязацца са спецыялістамі абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў. Дарэчы, датычыцца гэта не толькі кардыялогіі, але і іншых профіляў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.