Многодетная семья Ничипоров живёт в Городце и строит дом своей мечты

Общество

Гарадзец нездарма лічыцца адной з самых прывабных і дагледжаных вёсак раёна. Мясцовыя ўчасткі актыўна раскупляюцца, на іх вырастаюць прыгожыя дамы. Летам тут ажыўлена і мнагалюдна, але ўзімку гаспадары катэджаў у большасці сваёй раз’язджаюцца па мегаполісах – і вёска цішэе… Але не цалкам! Ёсць тут і жыхары, не гатовыя вяртацца з прыволля ў гарадскую мітусню. Таму і зараз на вясковых вуліцах можна пачуць дзіцячы гоман. І нават каб мы не ведалі адрас дома, у якім сёлета справіла наваселле мнагадзетная сям’я Мікалая і Юліі Нічыпараў, без цяжкасцяў змаглі б яго знайсці: па санках і лыжах у двары, а таксама па святочнай ілюмінацыі, што гэтымі вечарамі надае сядзібе вобраз казачнага палаца.

Прывабны дом не толькі звонку – у яго пакоях цёпла, весела і шумна. Вялікая дружная сям’я якраз у поўным зборы: у школьнікаў Насці і Косці канікулы, з такога выпадку “ўзяла адгул” у садку і шасцігадовая Анечка, ну а маленькі Сярожка, здаецца, мае дзесьці пад адзеннем патаемны рухавічок, бо ні хвілінкі не сядзіць на месцы. У сям’і ён агульны любімец, і ў адказ на наша пытанне, ці вагаліся перш чым у чацвёрты раз стаць мамай і татам, бацькі заўсміхаліся: “Дык гэта нас Косцік папрасіў, вельмі хацеў браціка! А зараз нават не ўяўляем, што б рабілі без гэтага гарэзы!”

Малодшанькі нікому не дае сумаваць. Учора ўвечары гаспадар узяўся скручваць новую камоду, а паўтарагадовы памагаты тут як тут – з шурубавёртам у руках! Ужо зараз бачна, што вырасце такім жа спрытным і працавітым, як тата Коля і дзядуля Юрый Мікалаевіч. Сям’ю Нічыпараў у нашым раёне добра ведаюць: амаль дваццаць год таму прыбылі яны на Ушаччыну і распачалі тут фермерскую справу па вырошчванні фруктаў і ягад. Праца на зямлі – зона рызыкоўнага прадпрымальніцтва, дзе капрызы надвор’я могуць пусціць пад адхон усе старанні. Удалыя гады з амбіцыйнымі планамі чаргаваліся са стратнымі: неяк раз літаральна на вачах фермераў град за некалькі хвілін знішчыў усю саспелую чорную парэчку. Але яны ўпартыя, шукаюць і ўвасабляюць новыя ідэі і працягваюць аграрны паядынак з неспрыяльнай ушацкай прыродай, бо гэты край ужо стаў для сям’і родным.

Зрэшты, нельга сказаць, што сын адразу вырашыў сканцэнтравацца выключна на бацькавай фермерскай справе і таксама пабудаваць свой дом у Гарадцы. Атрымаўшы інжынерную адукацыю, Мікалай працаваў у розных сельгаспрадпрыемствах, маладая сям’я пажыла і ў Кублічах, і ў Ліпаўцы, апошнія ж гады туліліся ў невялікай службовай кватэры ў Дзяржынску, разглядалі магчымасць займець там уласны дом, але прасцей ажыццявіць гэту мару аказалася на Ушаччыне. Распачаць будаўніцтва дапамог ільготны крэдыт з растэрміноўкай на 40 год, які яны атрымалі з набыццём статусу мнагадзетных. Накіравалі на гэту справу і сямейны капітал. Калі ж нарадзілася чацвёртае дзіця, змаглі скарыстацца субсідыяй, якая зараз цалкам пакрывае выплаты. “Хоць, канечне, укладалі і ўласныя заробленыя грошы, але без дзяржаўнай падтрымкі такую будоўлю не пацягнулі б”, – падкрэсліваюць шчаслівыя навасёлы.

Хоць скончаны не ўсе аддзелачныя работы, яшчэ летам перасяліліся яны з дома бацькоў Мікалая ў свае доўгачаканыя харомы – і паступова даводзяць усё да ладу. Зараз робяць на другім паверсе дзіцячыя спальні ­– у кожнага будзе пакой свайго колеру. Не зусім завершана яшчэ афармленне гасцінай, але ў ёй ужо вельмі ўтульна, а прасторы хапае і для гаспадароў, і для навагодняй ёлкі. Атмасфера ж тут цёплая ва ўсіх сэнсах: у доме ўсталявана камбінаванае ацяпленне – кацёл на цвёрдым паліве і электраабагрэў.

– Мы не будзем сцвярджаць, што жыццё ў аддаленай вёсцы па выгодах адпавядае гарадскому. Нюансаў хапае, – разважае Мікалай Нічыпар. – Каб жылі ва Ушачах ці Ільюшыне – раней бы вярталіся з заняткаў дзеці, прасцей было б уладкаваць іх у школу мастацтваў. Тут не надта добрая дарога і ёсць праблемы з інтэрнэтам, вёска нават не ўваходзіць у маршрут Е-дастаўкі. А калі сёлета ўсёй сям’ёй хварэлі на кавід, давялось пахвалявацца ў чаканні прыезду “хуткай дапамогі”. Але мы стараемся па магчымасці змяншаць нязручнасці. Напрыклад, Юля мяркуе атрымаць правы, каб стаць больш мабільнай. Плануем купіць умяшчальны аўтамабіль, каб можна было падарожнічаць. Летам хачу звазіць сям’ю на комплекс “Лінія Сталіна” – у нашым родзе моцныя ваенна-патрыятычныя традыцыі: дзядуля мае званне падпалкоўніка, афіцэрам на вайсковай службе быў бацька, хачу каб і дзеці ведалі нашу гісторыю і правільна яе ацэньвалі.

– Хоць у Беларусь я пераехала з Украіны толькі пасля замужжа, але яна ўжо стала для мяне роднай. Асабліва падабаецца тая ўвага, што надаецца тут сацыяльнай сферы, – далучаецца да размовы Юлія.

Як ні банальна гэта гучыць, але кожны чалавек – каваль свайго шчасця, і пры моцным жаданні і старанні можа ўзвесці дом сваёй мары, напоўніць яго дабром і светам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *