Парковка, расписание автобуса, мост в Веркудах. С какими ещё проблемами обращались ушачане к руководству района?

Общество

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі правёў сустрэчу з калектывам Ушацкага ўчастка электрасувязі Полацкага занальнага вузла Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Размова атрымалася актуальнай і разнапланавай. 

У калектыве ўчастка электрасувязі.

Кіраўнік раёна завастрыў увагу прысутных на сітуацыі вакол эпідэміі COVID-19. Пры гэтым падкрэсліў, што на Ушаччыне яна знаходзіцца пад кантролем, аднак спецыфічнага лячэння па-ранейшаму няма, толькі сімптаматычнае – гэта сусветная практыка. На такім фоне, упэўнены Сяргей Сяргеевіч, найбольш эфектыўнай прафілактычнай мерай выглядае вакцынацыя. Вось толькі некаторыя ўшачане чамусьці ігнаруюць магчымасць засцерагчы сябе такім чынам ад каварнага захворвання – у дзень прыгаданай сустрэчы першым кампанентам вакцыны ў раёне праімунізавана каля 50 працэнтаў насельніцтва, другім – 35. У калектыве ж сувязістаў гэты паказчык больш “сціплы”. “Усе цяжкасці каранавіруса я зведаў на сабе, таму правакцынаваўся пры першай жа магчымасці, – падзяліўся С.С.Садоўскі. – Раю ўсім не чакаць “знаёмства” з інфекцыяй, якая адбіваецца на рабоце ўсяго арганізма, перакрэслівае месяцы нармальнага жыцця, і гэтак жа зрабіць прышчэпку”.

Падчас сустрэчы расказаў Сяргей Сяргеевіч і пра некаторыя планы па сацыяльна-эканамічным развіцці Ушаччыны. У прыватнасці, звярнуў увагу, што падтрымлівацца, у тым ліку фінансава, па-ранейшаму будуць найперш тыя галіны, якія маюць аддачу. Традыцыйная ўвага – на будаўніцтва жылля, рамонт дарог, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Ужо зараз вядзецца пошук варыянтаў стварэння ў раёне вытворчага прадпрыемства, накшталт металапракатнага завода ў Міёрскім раёне, што дазволіць і новыя працоўныя месцы адкрыць, і дадатковыя фінансы прыцягнуць. Не хапае ў нас, на думку старшыні райвыканкама, і месцаў для адпачынку дзяцей.

Карыстаючыся выпадкам, удзельнікі сустрэчы задалі свае пытанні кіраўніку раёна. Так, многіх хвалюе недахоп месцаў для паркоўкі аўтамабіляў па вуліцы Віцебскай у райцэнтры. Бывае, і дзеці на веласіпедах шчыльна пастаўленыя транспартныя сродкі драпаюць, і зялёныя зоны з парушэннем правілаў займаюцца. Рашэннем жа такой праблемы, на думку сувязістаў, магло б стаць будаўніцтва гаражнага кааператыва. Аднак Сяргей Сяргеевіч упэўнены, што больш адэкватным рашэннем будзе стварэнне на прыгаданай вуліцы дадатковай аўтапаркоўкі, тым больш што плошчы дазваляюць гэта зрабіць.

Паабяцаў разабрацца С.С.Садоўскі і ў пытанні, чаму пасля адкрыцця моста праз раку Ушача не быў адноўлены рух аўтобуса на Касары праз Судзілавічы па пятніцах з ад’ездам у 17.45. Аднаму з работнікаў участка да Ідуты цяпер трэба пешшу пераадольваць 7,5 кіламетра замест ранейшых 5. Нязручна стала і іншым вяскоўцам.

Не менш ажыўлена праходзіла ў мінулы чацвер сустрэча старшыні Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч з жыхарамі аграгарадка Вяркуды. Дарэчы, для максімальнага эфекту ў вырашэнні праблем пасля іх абмеркавання ў мясцовым Доме культуры прэзідыум ў складзе Наталлі Мікалаеўны, старшыні сельвыканкама В.М.Маслак, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнка выехаў для ацэнкі стану спраў у акрэсленыя месцы (на здымку).

Так, хвалюе веркужан адсутнасць вулічнага асвятлення ад магазіна, Дома культуры да будынка былой фермы. Тэрыторыя, якая доўгі час знаходзілася ў валоданні мясцовай гаспадаркі, запатрабаваная зараз у вяскоўцаў. Слупы тут ёсць, таму і прасілі ўстанавіць на іх ліхтары. Аднак на гэта, нагадала В.М.Маслак, няма тэхнічнай магчымасці – патрэбны спецыяльны праект і іншыя затратныя мерапрыемствы, так тлумачылі спецыялісты раёна электрычных сетак. Прасцей, па словах Веры Міхайлаўны, устанавіць новыя сучасныя ліхтары, чым “мадэрнізаваць” старыя. У цэлым сацыяльныя стандарты па асвятленні ў Вяркудах выконваюцца. Але ж пытанне па канкрэтнай мясцовасці па даручэнні Н.М.Марковіч будзе грунтоўна адпрацавана.

Не новай для жыхароў Вяркуд з’яўляецца праблема з якасцю пітной вады. Некаторы час назад спецыялістамі Наваполацкага водаканала браліся пробы, аднак адхіленняў ад нормы ў атрыманых выніках не выяўлена. У той жа час піць тое, што цячэ з кранаў, практычна немагчыма (і гэта пры наяўнасці станцыі абезжалезвання!): падчас закіпання з’яўляюцца тлустыя згусткі, у чайніку застаецца асадак. А ўсё таму, лічаць вяскоўцы, што свідравіна знаходзіцца ў балоцістай мясцовасці – ніякія фільтры ад такой колькасці жалеза доўга не вытрымаюць. Н.М.Марковіч даручыла ўзяць на кантроль гэтае пытанне работнікам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – у бліжэйшы час будуць зноў узяты неабходныя пробы, праведзена лабараторнае даследаванне вады.

Паскардзіліся веркужане на недастатковую падсыпку дарог па вуліцы Маладзёжнай: мінулай зімой яна праводзілася толькі аднойчы. Грамадзянам патлумачана, што жыллёва-камунальная гаспадарка выязджае ў сельскія населеныя пункты з гэтай мэтай па папярэдніх заяўках сельвыканкама. Таму пры ўзнікненні рэальных праблем на дарозе варта праінфармаваць пра гэта работнікаў названай службы.

Не маглі не абмеркаваць і небяспечны стан моста паблізу вёскі Рог. Праехаць па ім на машыне ўжо не магчыма, а з заменай пакуль ціха. Пазнейшы агляд аб’екта пацвердзіў хваляванні вяскоўцаў: драўляны насціл з абодвух бакоў праваліўся, апоры падгнілі – невялікі рамонт, на які б сельвыканкам мог знайсці сродкі, не дапаможа. Пытанне ўзята на кантроль.

Не хавалі жыхары Вяркуд і станоўчых момантаў. У прыватнасці, расказалі пра падрыхтоўку мясцовай культустановы да навагодніх святаў: дзіцячага ранішніка і агеньчыка для дарослых, пра добрую работу бібліятэкі, фельчарска-акушэрскага пункта, гандлёвых кропак, прычым, як прыватных, так і філіяла аблспажыўтаварыства.

Менш ажыўленай, але таксама выніковай атрымалася сустрэча Н.М.Марковіч з жыхарамі вёскі Сарочына. Асноўным пытаннем, якое было вынесена на абмеркаванне, стала часткова зарослая хмызняком вуліца Цэнтральная. Так, асаблівых нязручнасцей жыхарам гэта не стварае, але выгляд населенага пункта дакладна псуе. І ў гэтым Наталля Мікалаеўна, іншыя ўдзельнікі сустрэчы ўпэўніліся на свае вочы. Спецыялістам пэўных службаў Ушаччыны ўказана ўхіліць недахопы.

На ўсё той жа Цэнтральнай папрасілі сарочынцы правесці чарговае грэйдзіраванне дарогі. І з гэтым пытаннем, выказала ўпэўненасць Н.М.Марковіч, цяжкасцей таксама не павінна ўзнікнуць. Ва ўсім астатнім вяскоўцы дзякавалі работнікам сельвыканкама, якія заўсёды адгукаюцца на іх просьбы і заўвагі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *