У цёплай нефармальнай абстаноўцы за кубачкам гарбаты прайшла чарговая сустрэча кіраўніцтва раёна са свяшчэннікамі зарэгістраваных на Ушаччыне абшчын. Ладзяцца яны напярэдадні Новага года вось ужо на працягу пятнаццаці год і дазваляюць не толькі пагутарыць аб злабадзённым, падняць існуючыя праблемы, але і павіншаваць адзін аднаго з надыходзячымі святамі, тым больш што ўсе разам святары розных канфесій сустракаюцца нячаста, ну а з новым старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім некаторыя ўвогуле былі незнаёмы.
Сяргей Сяргеевіч акцэнтаваў увагу свяшчэннікаў на некалькіх праблемных момантах. Па-першае, падчас службаў і ў гутарках з прыхаджанамі папрасіў заклікаць іх да еднасці, паважлівых адносін да поглядаў іншых, недапушчэння міжканфесійных канфліктаў. “Не будзе паміж народам адзінства, не будзе стабільнасці, развіцця. Гэта самае важнае не толькі ў Год народнага адзінства, але і наогул для існавання нашай краіны”. Па-другое, кіраўнік раёна занепакоены тым, што без духоўных арыенціраў, прадстаўленая самім сабе ці, дакладней, выхаваная інтэрнэтам аказалася моладзь, частка якой мае згубныя звычкі. Невыпадкова літаральна ў кожнага святара С.С.Садоўскі цікавіўся работай нядзельных школ, колькасцю наведвальнікаў.
Благачынны Ушацкага раёна Аляксандр Таляронак падкрэсліў, што нядзельная школа прыходу велікамучаніцы Параскевы Пятніцы працуе з сем’ямі, а не толькі з дзецьмі, прычым не ў выхадны дзень, а пастаянна, у тым ліку і дыстанцыйна. У ёй больш 50 чалавек. Задаюцца заданні, ладзяцца конкурсы, і дзеці з аграгарадка Арэхаўна і іншых населеных пунктаў ахвотна ў іх удзельнічаюць. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч была ў курсе праблем гэтага прыходу з рамонтам памяшкання нядзельнай школы, аднак айцец Аляксандр адказаў, што пакуль спраўляюцца сваімі сіламі.
Дзякаваў кіраўніцтву раёна за дапамогу ў рамонце памяшкання былой царквы настаяцель храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры Вячаслаў Лобец. У будынку зараз праходзяць заняткі з дзецьмі, наведвае іх каля 25 чалавек. Столькі ж пастаянных вернікаў і ў касцёле святога Лаўрэна. Ксёндз Віталь Галец падкрэсліў, што ў парафіі ёсць праблемы, з якімі не справіцца самастойна. Гэта далейшае добраўпарадкаванне каталіцкіх могілак, а таксама пастаянныя зборы ля плебаніі сумніўных кампаній.
Протаіерэй царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў “Выратаванне” Пётр Лукашэвіч падкрэсліў, што з моладдзю працуюць пастаянна, у тым ліку і персанальна. Асабліва шмат мерапрыемстваў падчас светлага Раства Хрыстова, якія ладзяць не некалькі дзён, а на працягу двух месяцаў. “Гэта галоўнае свята для ўсіх і радасную атмасферу хочацца падоўжыць, нядзельную школу наведвае 30 дзяцей”. Пастыр Евангельскай царквы “Благадаць” Айжан Сухастаўская прадоўжыла тэму духоўнага выхавання моладзі, зазначыўшы, што таксама працуюць і праз інтэрнэт, зараз, напрыклад, правялі калядны квест. Яна паведаміла, што хутка распачнуць будаўніцтва царквы, зараз збіраюцца ў прыстасаваным старым памяшканні.
Абмеркавалі прысутныя таксама тэму падсвету літаральна ўсіх храмаў – яны стаяць на відных месцах, з’яўляюцца ўпрыгожаннем раёна і было б цудоўна, калі б на іх гарэў падсвет, і не толькі падчас Новага года і Раства. Кіраўнік раёна ў завяршэнні сустрэчы заклікаў святароў звяртацца, калі паўстануць праблемы, і падкрэсліў, што абавязкова пастараюцца дапамагчы.
Вольга КАРАЛЕНКА.