Даст отпор преступникам и нарушителям порядка милиционер Департамента охраны Горунович Екатерина

Общество

Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва асвоілі мноства прафесій, якія раней лічыліся выключна мужчынскімі. У іх ліку і служба ў Дэпартаменце аховы Міністэрства ўнутраных спраў – у многіх раёнах нараўне з мужчынамі працуюць жанчыны. У пакуль адзінай прадстаўніцы аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы сярод міліцыянераў Кацярыны Гаруновіч мы пацікавіліся – ці лёгка насіць пагоны, працаваць у мужчынскім калектыве і як гэта ўплывае на характар.

Ураджэнка Ушач па прафесіі эканаміст, але атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, стала не шукаць першае рабочае месца па спецыяльнасці, а думаць аб магчымасці ўладкавацца ў ахову. “Яшчэ за гады вучобы зразумела, што гэта не мой накірунак, а вось жаданне папрацаваць у органах разгаралася. Пасля праходжання неабходных іспытаў і вучобы стала працаваць паставым міліцыянерам у Партызанскім раёне сталіцы. Жанчынам звычайна давяраюць несці службу ў банках, судах, медустановах. Нямала было ў мяне розных сітуацый, але ні тады, ні цяпер не пашкадавала аб сваім выбары. За плячыма ўжо некалькі гадоў у ахове і званне прапаршчыка”, – расказвае К.Гаруновіч.

У ахове дзяўчына сустрэла і сваю другую палавінку, абаім падабалася служыць, а вось займець уласнае жыллё ў Мінску куды складаней, чым у малых гарадах. Таму і рашылася ў 2017-м маладая сям’я на пераезд на малую радзіму Кацярыны. “Ва Ушачах хутка абзавяліся ўласным вуглом, муж уладкаваўся ў райаддзел унутраных спраў, а мяне цёпла прынялі ў ахове на такую ж пасаду – паставога міліцыянера. Так, многія імкнуцца пакараць сталіцу, нам жа намнога камфортней аказалася тут – як і ў плане жыцця, так і работы. На Ушаччыне спакойна, размерана, тут у нас нарадзіўся і сынок”, – працягвае размову К.Гаруновіч.

Пасля дэкрэтнага водпуску жанчына зноў прыступіла да службы. На пасту ў судзе і “Белаграпрамбанку” лягчэй працаваць з-за адсутнасці начных змен, але сабраным і гатовым да любых сітуацый таксама трэба быць. Знаходжанне ў адным месцы не азначае, што можна расслабіцца. Людзі розныя сустракаюцца, але Кацярына ўмее знайсці падыход, спакойна растлумачыць у выпадку канфлікту. Зрэшты, ніякіх паслабленняў не мае і нараўне з мужчынамі здае залікі па фізічнай падрыхтоўцы, хіба толькі гіры не падымае. Напрыклад, лёгка зробіць адцісканні ці прабяжыць дыстанцыю ў кіламетр. Так што пры неабходнасці дасць адпор злачынцам і парушальнікам парадку.

“Ці складана ў мужчынскім калектыве? Мне адназначна пашанцавала з калегамі. Усе яны прафесіяналы, якія ведаюць сваю справу, гатовыя падставіць плячо ў любой сітуацыі. Ну і, канечне, прафесія загартоўвае характар, адчуваеш сябе больш моцнай, сабранай”, – кажа К.Гаруновіч.

У вольны час Кацярына з міліцыянера пераўтвараецца ў клапатлівую маму і жонку, усю сябе аддае сям’і. Калі ж настае час ісці на службу, ніколькі не засмучаецца і з задавальненнем адпраўляецца на любімую работу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *