В санатории «Лесные озёра» помимо оздоровления также предлагают вкусные блюда белорусской кухни

Общество

Замежных гасцей, што прыязджаюць у нашу краіну, прывабліваюць не толькі краявіды і славутасці, а і смачныя стравы беларускай кухні. На Віцебшчыне так званы гастранамічны турызм развіваецца асабліва актыўна. Невыпадкова наша вобласць з’яўляецца адзіным беларускім прадстаўніком у Еўрапейскай сетцы кулінарнай спадчыны, якая займаецца папулярызацыяй мясцовых традыцыйных страў і рэцэптаў і ўключае ўдзельнікаў з 44 еўрапейскіх рэгіёнаў.

Падчас Дня беларускай кухні.

А ва Ушацкім раёне ёсць прыклад таго, як гастранамічны турызм удала сумяшчаецца з аздараўленчым: сярод фактараў, якія прывабліваюць людзей у санаторый “Лясныя азёры”, важнае месца займае смачнае харчаванне. Ежа тут гатуецца па традыцыйных для нашага рэгіёну рэцэптах з выкарыстаннем беларускіх і мясцовых прадуктаў, ёсць і ўшацкія стравы, якія не паспытаеш больш нідзе. “У меню здраўніцы мачанка і верашчака, зразы і дамашнія каўбасы, дранікі і калдуны, клёцкі і бульбяная бабка, халаднік са шчаўя і грыбныя супы, бліны з гарбузоў і кабачка”, – расказвае загадчык вытворчасці Іна Басак.

І.Басак прапануе мачанку.

Чаруюць над смачнымі стравамі вопытныя повары Таццяна Паршонак, Наталля Рацько, Ірына Молакава. “Адных толькі дранікаў мы прапануем некалькі відаў. Вельмі папулярныя ў расіян бліны з мясам. Гатуем і звычайныя “дамашнія”. Таксама ёсць у меню “аматарскія” – пры іх прыгатаванні да дранай бульбы дадаецца тварог: бліны атрымліваюцца больш дыетычныя і светлыя па колеры”, – расказваюць работнікі сталовай. Магчыма, і нехта з чытачоў газеты захоча апрабаваць такі варыянт дранікаў.

У Віцебскай вобласці функцыянуе больш 30 аб’ектаў грамадскага харчавання, дзе маецца нацыянальнае афармленне інтэр’еру, а меню складаецца ў асноўным са страў беларускай кухні.

Для адпачываючых кожнага заедзу абавязкова праводзіцца Дзень беларускай кухні, падчас якога госці здраўніцы могуць не толькі прадэгуставаць стравы, а і пацікавіцца рэцэптамі, колькасцю калорый, даведацца пра мясцовыя асаблівасці харчавання. “Ладзім у сталовай кулінарнае шоу з традыцыйным беларускім караваем, прапануем віктарыны, у час якіх удзельнікі, паспытаўшы страву, спрабуюць вызначыць яе інгрэдыенты”, – расказвае культарганізатар Ганна Пацэйка.

Старажытныя рэцэпты нацыянальнай кухні – каштоўная спадчына, і з уласцівай нашаму народу гасціннасцю мы гатовы дзяліцца ёю з усімі, хто да нас прыязджае.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *