«Нагрузка и темп высокие»: наша землячка Тамара Литвин следит за качеством на обувной фабрике в Китае

Общество

Завітаўшы ў любы абутковы магазін, Тамара Пятроўна Літвін, не гледзячы на ярлыкі, пазнае тавар, выраблены ў Кітаі. Па калодцы, манеры выканання… Словамі не перадаць, што бачыць вока прафесіянала, які дзесяць год адпрацаваў інжынерам-тэхнолагам у кампаніі “Марка”, і ўжо шэсць сочыць за выпускам чаравікоў і туфляў на фабрыках Кітая. А іх у полі адказнасці дубраўскай дзяўчыны не адна і не тры, а дваццаць.

Насамрэч такую вялізную вытворчасць абслугоўваюць чатыры інжынеры, размяркоўваючы паміж сабой пароўну абавязкі. Аднак калі патлумачыць, што яны адказваюць за ўвесь выпуск прадукцыі, якая потым паступае на славянскі рынак, то проста не ўяўляеш, як спраўляюцца.

– Нагрузка і тэмп сапраўды вельмі высокія, – тлумачыць Тамара. – Многае залежыць ад самаарганізацыі, мне ў гэтым дапамог вопыт работы ў віцебскай кампаніі “Марка”, дзе строгая дысцыпліна, пунктуальнасць і адказнасць. Але нават пры тым, што загадзя планую маршрут (пераезд ад адной фабрыкі да другой нават у межах горада можа займаць 2-3 гадзіны), працоўны дзень звычайна доўжыцца з паловы восьмай да васьмі вечара. Хто не меў практыкі ў вядучай беларускай кампаніі (усміхаецца) – зацягваюць і да 24.

Субяседніца дадае, што вельмі многае залежыць і ад перакладчыка, з якім асабіста ёй пашчасціла, бо аб’ектыўны – не займае яўна кітайскі бок, як звычайна. А адстойваць інтарэсы кампаніі і не прапускаць брак даводзіцца нярэдка. “Напрыклад, нітка па скуры павінна ісці чорная, а яны могуць паставіць белую і параконваць, што гэта таксама выдатна. У нас настолькі розны менталітэт, што часам складана патлумачыць сэнс дзеянняў. Проста яны так бачаць. І гэта адзіны дробязны прыклад. Кожную партыю глядзіш, мацаеш рукамі, вяртаеш, калі бачыш неадпаведнасць мадэлі, а на адной фабрыцы адначасова ў распрацоўцы іх можа знаходзіцца сотня”.

І так штодня, прычым без выхадных, бо законны адпачынак у Кітаі на фабрыках толькі 1 і 15 чысла кожнага месяца. Калі шмат заказаў, то застаецца адзін. А працуюць на вытворчасці да 21 ці 22 гадзін. Вахта доўжыцца пяць месяцаў, пасля якіх Тамара можа на месяц вярнуцца ў Беларусь, як і зараз.

Тамара Літвін скончыла Дубраўскую школу і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт – факультэт вытворчых тэхналогій – адзіны ў Беларусі, дзе рыхтуюць спецыялістаў для абутковай і тэкстыльнай прамысловасці.

– За 9 тысяч кіламетраў пачынаеш асабліва любіць радзіму, бацькоў, сясцёр, сваю культуру, музыку, нарэшце – цішыню. Кітайцы вельмі шумныя, а калі ўлічыць, што на перыферыі ў Вэньчжоу, дзе я жыву, іх дзесяць мільёнаў, то гэта вельмі стамляе. Зусім па-іншаму цэніш там і зямляцтва, а такім лічыцца і расіянін, і ўкраінец, не гаворачы пра віцябчан. Мы імкнёмся рэдкія выхадныя праводзіць разам – склалася кампанія славянскіх абуткавікоў, з некаторымі я разам вучылася ці працавала. Адзначаем нашы святы, выязджаем да мора ці набываем пуцёўку на мандарынавую плантацыю, дзе самастойна збіраеш сабе фрукты, ну а галоўнае, адпачываеш, абстрагіруешся.

За шэсць гадоў дзяўчына многае даведалася пра ўсходнюю культуру, але кажа, што Кітай так імкліва развіваецца, што цікава ўсё роўна штодня, не паспяваеш за ўсім сачыць нават у абутковай прамысловасці. Модныя навінкі там з’яўляюцца на год раней, чым у нас, таму сёстрам вязе ў падарунак цікавыя боцікі ці басаножкі, ну а для маці-паштальёна – абавязкова зручныя, без лішніх швоў. А таксама балуе родных экзотыкай, якую у нас не знойдзеш, напрыклад, языком качкі пад асаблівым соусам.

На кітайскіх вытворчасцях выпускаюцца тавары і на еўрапейскі, і на амерыканскі рынак. Тамара ж працуе на беларускія і расійскія кампаніі, якія пастаўляюць абутак у нашы гандлёвыя сеткі. Калі шэсць год таму яны шукалі граматнага спецыяліста, ім параілі Т.П.Літвін, і дзяўчына пагадзілася на новую цікавую работу.

Бацькі нашай гераіні Пётр Сцяпанавіч і Людміла Васільеўна Літвін жывуць у Дубраўцы.

Насуперак вядомай прымаўцы, яна – шавец з ботамі. Толькі апошніх, хоць гэта самы нехадавы тавар на поўдні краіны (зімой трымаецца нулявая тэмпература) – 4 пары, ну а розных відаў красовак – за дзесяць – яна любіць прыгожыя, стыльныя фасоны.

Зараз дзяўчына дома, курсіруе паміж Віцебскам і Дубраўкай. Яе пабыўка крыху затрымліваецца, бо хоць яна мае від на жыхарства і працоўную візу, Кітай часова закрыў уезд – рыхтуюцца да зімовай алімпіяды і вельмі хвалююцца, каб не сарвалася з-за чарговай успышкі каранавіруса. Дарэчы, у першую хвалю Тамара працавала “на ўдалёнцы”, што намнога ўскладніла задачу, паколькі па відэа і фота тавар не памацаеш. А зараз яе чакае вандроўка ў адкрытую Турцыю – не на мора, а на чарговыя абутковыя фабрыкі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *