Клуб народных мастеров и художников «Возрождение» вновь удивляет новогодними работами

Культура Общество

Напярэдадні святаў акунуліся ў сваю любімую справу ўдзельнікі Народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”: рыхтавалі новыя работы да навагодняй выставы, што адкрылася ў памяшканні творчага аб’яднання ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Мы ж не ўпусцілі магчымасць стаць першымі яе гледачамі.

Тут прадстаўлены цацкі і сувеніры, вырабленыя ў самых розных тэхніках. У цэнтры экспазіцыі, канечне, ёлачка, упрыгожанні на якой выключна аўтарскія: міні-вышыўкі ад Марыны Герцык, цацкі з нітак і фаамірана (мяккая порыстая рызіна для рукадзелля) ад Наталлі Гардзіёнак. Як заўсёды парадавала Дзіна Кулага, якая знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку і на гэты раз асвоіла выраб цацак з ваты – сучасныя майстры ўдасканалілі старажытнае мастацтва і ад яркіх абаяльных лялек нашай майстрыхі проста не адвесці вачэй! Найвышэйшага ўзроўню дасягнула ў вырабе вязаных мяккіх цацак Лідзія Хамічонак – дзякуючы ёй у экспазіцыі з’явілася кампанія гарэзлівых снегавічкоў. Ёсць тут таксама вышыўкі Аксаны Гардзіёнак, сувеніры Ганны і Паўла Мурашовых. Вядома ж, не засталася ў баку і кіраўнік клуба Святлана Спірыдонава (на здымку): папоўніла выставу лялечнымі Дзедам Марозам са Снягуркай, каляднымі персанажамі, а якраз да адкрыцця давязала вельмі прыгожую ёлачку. “Адкрыла для сябе ніткі “Адэлія Брыльянт”, якія проста ідэальна падыходзяць для ёлачных шароў і іншых навагодніх цацак. Бачыце, якія бліскучыя, іскрыстыя вырабы атрымліваюцца!” – дзеліцца вытворчым сакрэтам С.Спірыдонава.

Вязаныя шары майстроў “Адраджэння” ўпрыгожваюць і ёлку Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. У снежні 2016 года ўшачане атрымалі перамогу ў намінацыі за распрацоўку сувеніраў і ёлачных цацак абласнога этапу конкурсу “Калядная зорка”, а іх вырабы набыла прыгаданая ўстанова.

Дарэчы, і яна, і іншыя майстры “Адраджэння” гатовы дапамагчы ўшачанам, якія таксама хочуць асвоіць пэўныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аб сваім намеры атрымаць бясплатныя майстар-класы варта паведаміць у клуб. Таксама ўсе жадаючыя могуць не толькі паглядзець навагоднюю выставу, а і набыць тут тое, што спадабалася. А яшчэ і папоўніць экспазіцыю ўласнымі вырабамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *