Гатовы і да форс-мажораў
На жаль, не абыходзіцца ў практыцы службы і без экстранных работ. Калі нечаканыя сюрпрызы падкідвае прырода ці здараецца іншая непрадбачаная сітуацыя, у справу ўступаюць аператыўна-выязныя брыгады. На іх ускладаецца адказная місія – манцёры абавязаны максімальна хутка знайсці месца абрыву лініі, выканаць пераключэнне на падстанцыі, а іх дзеянні павінны быць надзвычай дакладнымі, бо любая памылка можа прывесці да трагедыі. Не абышлося без форс-мажораў і сёлета. Дрэвы, паваленыя ў ліпені ўраганным ветрам, пашкодзілі каля паўкіламетра электраліній. І гэта быў першы за апошнія гады выпадак, калі нашым энергетыкам спатрэбілася плячо калег, бо звычайна якраз ушачане спяшаюцца на дапамогу ў іншыя раёны. Зараз жа ўхіляць наступствы стыхіі ім дапамагалі брыгады з Лепеля і Чашнікаў, падключыліся і лясгасаўцы. Аднаўленчыя работы доўжыліся амаль тыдзень. Ураган таксама сарваў дах на свінакомплексе Хадакова і абясточыў аб’ект, але дзякуючы таму, што энергетыкі аператыўна падключылі генератар, удалося абысціся без згубы жывёлы.
Усё ідзе па плане!
Як і ў многіх іншых арганізацыях, працоўны дзень тут пачынаецца з планёркі: адміністрацыя і майстры пяці лінейных брыгад акрэсліваюць фронт работ на змену. Атрыманы заданні і тлумачэнні ад галоўнага інжынера Валерыя Іванавіча Лемеша – і падначаленыя Сяргея Міхайлавіча Маковіча, Дзмітрыя Аляксандравіча Дуброўскага і Сяргея Мікалаевіча Хвашча адпраўляюцца на абслугоўванне і планавы рамонт ліній электраперадач – дарэчы, у іх гаспадарцы 789 кіламетраў ліній напружаннем 10 кВ і 714 – 0,4 кВ.
А вось брыгада Дзмітрыя Міхайлавіча Зелянко спецыялізуецца на рамонце і эксплуатацыі трансфарматарных падстанцый, якіх у раёне 424. Работнікі праводзяць дыягностыку, выяўляюць дэфекты і пры неабходнасці замяняюць дэталі абсталявання. За гэты год адрамантавана 50 КТП і 6 ТП, а вось аварыйна-аднаўленчых работ, на шчасце, весці не давялося. Ды ўсё ж нагода выпрабаваць сябе і адчуць адрэналін у іх была: брыгада прадставіла Ушацкі РЭС на прафесійных спаборніцтвах, якія ладзіліся ў жніўні ў Полацку. Трэба было прайсці тэарэтычны камп’ютарны тэст, выканаць практычныя заданні па замене ўвода ў будынак і ізалятара на трансфарматарнай падстанцыі, а яшчэ ў мінімальны час зняць з апоры і рэанімаваць трапіўшага пад напружанне калегу (вядома ж, яго ролю выконваў манекен). Ушацкая каманда, у склад якой акрамя Д.М.Зелянко ўваходзілі Віктар Валер’евіч Шарамет, Сяргей Мікалаевіч Варанько, Раман Юр’евіч Севярын і Анатоль Іванавіч Аўдошка, заняла ганаровае другое месца.
Вельмі важная місія і ў падначаленых майстра Віктара Аляксандравіча Брэнько, якія выконваюць заяўкі, што паступілі ў службу “Адно акно”, падключаюць абанентаў, адказваюць за сістэму вулічнага асвятлення. Што датычыцца апошняй, то сёлета было вельмі шмат зроблена па яе мадэрнізацыі. Зараз у населеных пунктах раёна ўстаноўлена 327 шафаў кіравання вулічным асвятленнем з аўтаматычным абсталяваннем, якое перадае даныя на дыспетчарскі пульт. Паступова ажыццяўляецца і пераход з лямпавых на святлодыёдныя свяцільнікі – іх ужо заменена па раёне каля паловы, а газаразрадныя лямпы 125 Вт саступаюць месца 40-ватным святлодыёдным, што дазваляе атрымліваць 2-3-разовую эканомію.
Цэнтр кіравання і кузня кадраў
А вось хто ўсе 12 гадзін змены павінен быць максімальна сабраны і сканцэнтраваны, дык гэта дыспетчар. Ён кіруе ўсім механізмам электрасетак, з дапамогай спецыяльнага абсталявання кантралюе яго стан, каардынуе дзейнасць работнікаў, прымае аператыўныя рашэнні падчас нестандартных сітуацый. Таму працуюць на гэтай пасадзе толькі самыя адукаваныя і выпрабаваныя спецыялісты. Да такіх безумоўна належаць Аляксей Расціслававіч Падгола, Сяргей Мікалаевіч Шах, Андрэй Васільевіч Севярын. Трэці месяц як далучыўся ў гэту каманду малады дыспетчар Уладзіслаў Кляпец. Але калі мы запыталіся, як ідзе ў яго працэс асваення справы, начальнік службы Аляксандр Аляксандравіч Калітуха ўсклікнуў: “Вы што, у нас такі выраз абсалютна недарэчы! Дыспетчары прыступаюць да работы цалкам падрыхтаванымі спецыялістамі – перш чым выйсці на самастойнае дзяжурства, яны на працягу года праходзяць навучанне, праверку ведаў і так званае “дубліраванне” – 20 змен працуюць поруч з вопытным калегам”.
Да нядаўняга часу працаваў тут і яшчэ адзін граматны спецыяліст, аднак прычына, па якой ён пакінуў дыспетчарскую службу, цалкам уважлівая: днямі Андрэй Пятровіч Лукашэвіч узначаліў Ушацкі РЭС. Дарэчы, і былы кіраўнік раёна электрасетак Васіль Мікалаевіч Варанько, які зараз з’яўляецца дырэктарам філіяла Полацкія электрасеткі РУП “Віцебскэнерга”, у сваёй працоўнай біяграфіі не абмінуў дыспетчарскую службу – так што яе можна лічыць сапраўднай кузняй кіруючых кадраў.
Цёпла ў дамах – светла на душы
Калі большасць падраздзяленняў РЭС з года ў год займаюцца звыклымі працэсамі, то супрацоўнікам вытворча-тэхнічнай групы апошнім часам давялося асвойваць новы пласт работы. Звязана гэта з тым, што ўсё больш ушачан жадаюць абсталяваць свае дамы электраацяпленнем. Так, калі ў 2018 годзе (да пачатку кампаніі) у службу “Адно акно” паступіла 54 заяўкі на падключэнне да электрасеткі жылых дамоў і вытворчых памяшканняў, то летась лічба дасягнула 125, прычым большая іх частка датычылася менавіта электраабагрэву. За 11 месяцаў гэтага года такая сістэма з’явілася амаль у 70 ушацкіх дамах, а ў лідарах па наватарстве Глыбачаны, Вяркуды, Старое Сяло Жарскага сельсавета, Двор Пліна. За кожным шчаслівым абанентам – карпатлівая праца начальніка вытворча-тэхнічнай групы Станіслава Станіслававіча Рэкуця. Зрэшты, сам ён не столькі хваліцца здабыткамі, колькі засмучаецца тым фактам, што некаторыя заяўнікі атрымліваюць адмову з-за недастатковай магутнасці ліній. “Калі будаваліся сеткі, быў разлік, што адзін дом будзе спажываць да 3,5 кВ, зараз нагрузка павялічылася прыкладна ў 3 разы, таму лініі неабходна рэканструяваць”, – тлумачыць энергетык. Такая работа вядзецца: у бліжэйшых планах “Віцебскэнерга” абнаўленне ліній у Ваўчо, Ціханятах, Пушчы. Займаецца група і падрыхтоўкай дакументацыі для электрыфікацыі ўчасткаў пад будаўніцтва (сёлета такіх заявак паступіла 20).
Нягледзячы на малады ўзрост, С.Рэкуць заваяваў у арганізацыі вялікі аўтарытэт. Хоць нарадзіўся ў Віцебску, лічыць сябе ўшацкім, бо пераехаў у райцэнтр у дзяцінстве. Палітэхнічны каледж і БНТУ далі грунтоўныя веды, а пачынаў ён свой шлях у РЭС манцёрам, накруціў нямала кіламетраў па палях і лясах. Расказвае, як аднойчы ў прыцемках шукалі абрыў і ледзь не апынуліся ў Полацкім раёне. Арыентавацца ва ўшацкіх вёсках спачатку было цяжка, бо на аб’екты іх дастаўляў ГАЗ-66 з зусім маленькімі акенцамі. “Называў гэты фургон “кот у мяшку”, бо часам не разумеў, у якім напрамку нас вязуць”, – з усмешкай прыгадвае малады чалавек. І вось ужо шосты год ён узначальвае вытворча-тэхнічную групу. Адзначае, што асвоіцца ў няпростай справе дапамагла Л.В.Андзіна. А яшчэ прызнаецца, што іншы раз хочацца адкласці незлічоныя паперы і зноў сесці з хлопцамі ў ГАЗ-66. Але разумее, што для арганізацыі ён незаменны менавіта на сваім цяперашнім участку. Зрэшты, і ад гэтай працы С.Рэкуць атрымлівае асалоду: калі бачыць шчаслівыя твары задаволеных абанентаў, светла становіцца на душы.
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.