Раз, два, три — ёлочка, гори! Посмотрите, как в Ушачах праздновали открытие главной ёлки района

Общество

Аб тым, што засумавалі ўшачане без святаў, сведчыў адвячорак суботы. 18 снежня на цэнтральнай плошчы гарпасёлка адбылося ўрачыстае адкрыццё навагодняй ёлкі раёна, на якое сабралася безліч людзей, а галоўнымі ўдзельнікамі свята прадказальна былі дзеці. Хаця і дарослыя не шкадавалі галасоў і далоняў, калі прасілі ў Дзядулі Мароза запаліць агні на прыгажуні.

Ёлку падабралі сёлета сапраўды статную, хоць і адшукалі недалёка – расла ля бальніцы. Устанавілі і ўпрыгожылі камунальнікі яе за дзень, ды і свяцілася, уздымала настрой яна пару дзён да адкрыцця. Не хапала толькі свята, якое і зладзілі супрацоўнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці з дапамогай іншых калектываў. Так, калі яшчэ толькі падцягваўся народ, малыя ўжо вудзілі рыбку на гульнявой пляцоўцы цэнтра дзяцей і моладзі, кідалі на трапнасць сняжкі і “прымяралі” касцюм снегавіка. Зрабіць гэта было прасцей-простага – у фотазоне заставаўся толькі радасны твар, астатні ўбор быў гатовы.

Работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы спрасцілі задачу тым, хто хацеў павіншаваць сяброў з надыходзячым 2022-м – дастаткова было толькі выцягнуць паштоўку і агучыць цёплыя словы. Ну і таксама правяралі на кемлівасць, падрыхтаваўшы шмат конкурсаў. Канечне ж, пераможцаў чакалі прызы.

Сувеніры да святаў прапаноўвалі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Дома рамёстваў. Хоць і казала прадстаўніца апошняга Валянціна Мугака, што большасць работ перадалі на выставу ў вобласць, выбар тым не менш заставаўся немалы, у тым ліку і сімвал года – Тыгр, намаляваны на драўляным спіле.

Сагрэцца гарачымі напоямі і выпечкай ў гэты даволі слотны вечар прапаноўвалі супрацоўнікі грамадскага харчавання Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Нагандлявалі нямнога – 145 рублёў, але калі ўлічыць, што гэта выключна на чаі і розных піражках ды булачках (спіртное ў гэты дзень не прадавалі нават у цэнтральных магазінах), то колькасць наведвальнікаў кропкі можна смела падвоіць. Ну а юныя аўтамабілісты выпрабоўвалі на спрыт крутыя машыны, што напракат выдавалі супрацоўнікі фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. Чарга стаяла, так што юны Данік Пацэйка на гэты раз не споўніў намер стаць кіроўцам джыпа. Затое наплясаліся з сястрычкай Янай і братам Стасам уволю. Менавіта ўнукі спакусілі на вандроўку да ёлкі бабулю Людмілу Васільеўну, якой свята таксама спадабалася былой масавасцю і знаёмымі з юнацтва матывамі.

Наведвальнікаў ля гульнявых пляцовак значна паменела, калі на сцэне пачалося дзейства. З віншаваннямі да ўшачан звярнуўся старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, які не толькі жадаў далейшага квітнення Ушаччыне, але спыніўся на тых важных задачах і падзеях, што чакаюць у надыходзячым годзе.

Дарэмна спрабавалі дарослыя спы­ніць малых, якія выбягалі танчыць ля сцэны пад вядомыя навагоднія шлягеры. Іх было не стрымаць, ды, шчыра кажучы, ногі так і ішлі ў скокі, што было вельмі дарэчы, каб сагрэцца. З’явіліся Дзед Мароз і Снягурка, ды адразу сем пар. Па іх закліку, а таксама ўсіх удзельнікаў і запаліліся агні на цэнтральнай ёлцы, якая з гэтага моманту стала цэнтрам увагі. Вакол яе не адзін раз вадзілі карагод усе, хто хацеў быць здаровым, каханым, шчаслівым. Жадаючых прадказальна знайшлося шмат, і калі хвост ланцужка яшчэ заставаўся ля сцэны, сімвал года Тыгр, які ўзначальваў калону, ужо вяртаўся назад. Не паменела жадаючых і паўдзельнічаць у навагодніх забавах. Танцавалі, паўтараючы рухі Снягуркі Дзіны Пенкальскай, збівалі сняжкамі штучныя ёлкі і нават хадзілі на лыжах. Так, нязручна без снегу, але тым больш смешным аказаўся конкурс, а менавіта на выклік эмоцый і разлічаны такія святы.

Няспешна разыходзіліся яго ўдзельнікі. І літаральна ўсе неслі дадому выдатны настрой і жаданне стварыць такую ж узнёслую атмасферу і дома. Многія ўжо запалілі агеньчыкі на вокнах і дамах, а некаторыя нават ёлкі ўпрыгожылі. Дарэчы, з 18 снежня набыць навагоднія дрэўцы можна ля галоўнай ёлкі раёна – на цэнтральнай плошчы. Гандлявалі прадстаўнікі лясгаса і падчас адкрыцця.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *