Сустрэчы кіраўніцтва раёна з жыхарамі Касароў і Вялікіх Долец, што ладзіліся на бягучым тыдні, атрымаліся надзвычай ажыўленымі. Яно і не дзіўна: асноўным пытаннем, якое знаходзілася на абмеркаванні, стала пагаршэнне паштовага абслугоўвання ў населеных пунктах. Таму каб размова была максімальна канструктыўнай, акрамя старшыні раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, старшыні райвыканкама С.С.Садоўскага, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнка і старшыні Вялікадолецкага сельвыканкама А.Л.Сыса да вяскоўцаў завітала начальнік Полацкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі А.М.Клімава.
Спецыяліст з Касароў (а ў вёсцы, дзе няма паштовага аддзялення, гэта незаменны чалавек!) пайшоў на заслужаны адпачынак. Жадаючых замяніць яго пакуль не знайшлося, а ў выніку ў мясцовых жыхароў узнікла нямала цяжкасцяў. Сярод іх – падпіска на перыядычныя выданні, аплата камунальных паслуг, тэлефона: дайсці да паштовай машыны, якая перыядычна прыязджае, не ў кожнага ёсць фізічныя магчымасці, ды і падстроіцца па часе не заўсёды атрымліваецца. Да таго ж устаноўленыя ў населеным пункце паштовыя скрыні ад моцнага дажджу, снегу іх змесціва не засцерагаюць. Але ўсе гэтыя нязручнасці, запэўніла супрацоўніца Полацкага РВПС, будуць ліквідаваны. Ужо ў бліжэйшы панядзелак – 20 снежня – па адрасах усіх падпісчыкаў прыедуць работнікі службы – можна будзе і перыядычныя выданні аформіць, і розныя паслугі аплаціць, і нават што-небудзь набыць. У такім рэжыме – з упорам на панядзелак, найбольш незагружаны для паштавікоў дзень – касаране будуць абслугоўвацца да моманту, пакуль не знойдзецца паштальён. Дарэчы, як адзначыў старшыня сельвыканкама А.Л.Сыс, некалькі кандыдатур на такую пасаду ёсць – з імі будзе праведзена гутарка. Што ж датычыцца паштовых скрыняў, над імі зробяць навес.
Пытанне паштовага абслугоўвання актуальнае зараз і для вялікадальчан. У населеным пункце ёсць сваё аддзяленне, вось толькі толку, як прызналіся ўдзельнікі сустрэчы, ад гэтага мала. Тавараў на рэалізацыі – мінімум, а паштальён, паскардзіўшыся на скарачэнне стаўкі, заработнай платы, вырашыў звольніцца. Але ж тут, падкрэсліла А.М.Клімава, трэба гаварыць найперш пра нежаданне працаваць. У тым жа Двор Пліне, дзе прыкладна такое ж паштовае аддзяленне, сітуацыя прынцыпова іншая: паліцы літаральна ломяцца ад тавару, прычым, часта таннейшага, чым у іншых гандлёвых кропках; дастойна ідзе падпісная кампанія: 263 жыхарам на сённяшні дзень прыходзіць 159 друкаваных выданняў, а з кожным патэнцыяльным падпісчыкам загадчык і паштальён працуюць індывідуальна. Ад усяго гэтага і залежыць памер зарплаты – у Двор Пліне на яе не скардзяцца! “Выдатна, калі б такі спецыяліст знайшоўся і ў Вялікіх Дольцах! – зазначыла Алена Міхайлаўна. – Гатовы разгледзець варыянт з падзелам стаўкі – магчыма, хтосьці з ужо занятых у эканоміцы захоча падпрацаваць”.
Хвалююць вяскоўцаў і іншыя пытанні. У прыватнасці касаране не ў першы раз агучылі праблему з адсутнасцю ў населеным пункце ФАПа. Аднак тут у старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Мікалаеўны Марковіч была для іх прыемная навіна. Будынак пад медустанову знойдзены, зараз афармляюцца неабходныя дакументы, а вясной плануецца распачаць рамонтныя работы.
Ёсць, па словах жыхароў Касароў, недахопы і ў гандлёвым абслугоўванні. Так, у мясцовым магазіне з’яўляецца ацяпленне толькі тады, калі на вуліцы ўнушальны мінус, цяпер жа і пакупнікам холадна, і тавар на паліцах сырэе. Нязручнымі аказаліся і нядаўнія змены ў раскладзе руху аўтобусаў: цяпер, паехаўшы ва Ушачы раніцай, даводзіцца чакаць вечара, каб вярнуцца назад. Вось і папрасілі па магчымасці вярнуць “абедзенны” рэйс – хаця б па чацвяргах ці пятніцах. Абодва гэтыя пытанні ўзяты “на аловак”.
Расказалі касаране і пра стан адзінага на вёску грамадскага калодзежу, які пакідае жадаць лепшага: кольцы разбураюцца, падысці перашкаджае вялізны пень ад старой ліпы. А.Л.Сыс з гэтай праблемай знаёмы, паабяцаў дапамагчы ў вырашэнні. Вось толькі і самі вяскоўцы павінны паўдзельнічаць: сабраць, да прыкладу, сродкі самаабкладання, за якія можна будзе набыць новыя кольцы.
Хвалюе многіх і распаўсюджанне па Касарах баршчэўніку: нядобранадзейныя домаўладальнікі, якія з’яўляюцца рэдка, не абкошваюць сваю тэрыторыю, у выніку небяспечная расліна і там бушуе, і на суседскія падворкі прарываецца. Н.М.Марковіч нагадала, што рэалізацыя праграмы па барацьбе з баршчэўнікам на тэрыторыі раёна працягваецца, адзіны момант – трэба дачакацца чаргі. Спіс найбольш забруджаных участкаў старшынёй сельвыканкама пададзены.
На стан аднаго са шматкватэрных дамоў па вуліцы Е.Лось паскардзіліся старшыні райвыканкама С.С.Садоўскаму жыхары Вялікіх Долец. З 1979 года, калі ён быў пабудаваны, рамонту не бачыў. І калі ў цэлым мог бы яго пачакаць, то казырок над уваходам ужо ўяўляе сабой пагрозу для людзей. Сяргей Сяргеевіч запэўніў, што на месца выедзе камісія, ацэніць абстаноўку – усе аварыйныя моманты будуць тэрмінова ліквідаваны.
Адна грамадзянка пыталася, ці могуць ля дома яе пажылой сястры ліквідаваць калонку. Праводзіць ваду ў дом тая не мае намеру. Было патлумачана, што на такі крок водаканал ідзе толькі ў тым выпадку, калі за карыстанне калонкай ніхто не плаціць.
Паскардзіліся вялікадальчане і на нячастую падсыпку дарог у населеным пункце, на дрэнны яе стан на шляху ў Лепель – едучы па ёй, многім успамінаецца пральная дошка. Аднак С.С.Садоўскі папрасіў з разуменнем аднесціся да падобных праблем. Кожная падсыпка патрабуе немалых грошаў, таму праводзіць яе па прынцыпе “на ўсялякі выпадак” немэтазгодна. Што ж датычыцца рамонту дарог, які мінімізуе “рэльефнасць”, то яго на некаторых участках можна адкласці – каб акцэнтаваць увагу на больш ажыўленых.
На прыгаданых сустрэчах былі абмеракаваны і іншыя надзённыя пытанні, у тым ліку вакцынацыя ад каранавіруса. Многія вяскоўцы прытрымліваюцца меркавання, што перамагчы каварны вірус можна толькі выпрацаваўшы калектыўны імунітэт з дапамогай вакцыны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.