Хочацца развесці новыя пароды жывёлы, – сказаў нядаўна зайшоўшы ў рэдакцыю жыхар гарпасёлка С.У.Каранеўскі. – У прыватнасці мяне цікавяць в’етнамскія свінні. Каб вось даведацца, хто іх у нас разводзіць і ці выгадная гэтая справа.
Адказам на зацікаўленае пытанне нашага актыўнага чытача і будзе наступная карэспандэнцыя.
З прыемнасцю назірала: як толькі Аляксандр Анатольевіч Прысмакоў прыязджае да дому ў вёсцы Глыбачка і заходзіць у двор, так, распушыўшы хвасты, да яго накіроўваюцца вельмі прыгожыя белыя індыкі.
– Гэта галандскія шыракагрудыя, – тлумачыць гаспадар, а потым дадае. – Дваццаць індычанят купляў у прыватніка. Цяпер у мяне свой інкубатар. Вельмі выгадныя птушкі, могуць і да сарака кілаграмаў даходзіць. З малымі (да месяца) толькі ёсць клопат, а потым ужо прасцей.
Аляксандр Анатольевіч наогул жывёлу любіць не толькі па спецыяльнасці, бо скончыў ветэрынарную акадэмію, але і па душы, што стала сапраўдным захапленнем.
А яшчэ ён эксперыментатар. Акрамя індыкоў нераспаўсюджанай пароды надумаўся завесці і в’етнамскіх свіней. Цікавіўся іх развядзеннем. У невялікім хляве – перагародкі. У адным загончыку свінаматка з маленькімі парсючкамі, у другім – падгадаваныя ўжо, у трэцім – дарослая пара, дзе кныр – чорны. Усе яны меншых памераў, чым звычайныя. Гаспадар гаворыць, што вага такіх свіней – каля ста кілаграмаў. Прычым, мяса смачнае, на гурманаў. Расказвае, што калі выходзіла замуж дачка, то зарэзаў парсюка, дык паспрабаваў кавалак ад шыі, больш мяккае, чым у звычайных свіней, і смачнае, як і лепшыя выразкі.
Галоўная перавага развядзення в’етнамскіх свіней, расказаў мой субяседнік, у тым, што не трэба ім варыць страву, усё ўжываюць у сырым выглядзе. Асабліва летам вельмі зручна: укінуў травы раніцай і вечарам, а днём – паставіў мукі ці камбікорму, асобна – вады. І ўсё. Ядуць таксама бульбу, буракі.
Аляксандр Анатольевіч чалавек дасведчаны, прафесіянал, але, заводзячы в’етнамскіх свіней, вывучыў усё пра іх дадаткова, пакапаўся ў інтэрнэце. Ён наймаў машыну, ездзіў на Брэстчыну да гаспадара за парсючкамі, і то, гаворыць, выгадна, а цяпер тым больш. Парсючкоў прадае па 200-250 тысяч рублёў. Свінаматка, якую прадаў бы за паўтара мільёна, акупіцца пасля апаросу.
Ёсць у гаспадарцы А.Прысмакова і Л.Храпавіцкай і карова (раней было нават больш). Яна таксама лепшай пароды: джэрсейская тлуста-малочная. Аляксандр Анатольевіч параўноўвае паказчыкі. Калі ў малацэ каровы чорна-пярэстай пароды бялок складае ў сярэднім 3, то ў гэтай – 3,6. Тлустасць адпаведна 3,6 супраць 7,2 у іх рагулі, хаця можа даходзіць і да 11-ці. Карова названых гаспадароў дае ў сярэднім 23-25 літраў за дзень. Яе маці давала 33.
Першым у раёне такіх дзвюх кароў у свой час завёў Аляксей Кабяк з райцэнтра…
Зразумела, каб весці такую гаспадарку, як вядуць А.Прысмакоў і Л.Храпавіцкая, патрэбен немалы ўчастак зямлі. Яны яго і маюць, гэта каля двух з паловай гектараў. Не абысціся і без тэхнікі. Бо гаспадар зразумеў, што такое – рабіць усё ўручную. І цяпер ужо ёсць трактар з навясным абсталяваннем. У рабоце выкарыстоўваюцца касілка, граблі, прычэп. Бульба, зерневыя, травы, агародніна – усё гэта маецца.
Зразумела, гаспадарам нагрузкі хапае, тым больш што яны працуюць: адзін – у племстанцыі, другі – у ветстанцыі. Але праца дома на падставе прафесійных ведаў і фізічных намаганняў дае магчымасць мець большы дастатак. Калі прадукты свае, а яшчэ і дзецям можна дапамагчы ад продажу лішкаў, то гэта радуе людзей.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.