Машинист асфальтобетонного завода Юрий Федоренко более 30 лет посвятил работе в ДРСУ-105

Общество

Кажуць, што самы моцны выпускнік спецыялізаванай навучальнай установы не заменіць практыка. У гэтым перакананы і майстар філіяла дарожнага будаўніча-рамонтнага ўпраўлення №105 Генадзь Пятровіч Васілеўскі, які ахарактарызоўвае свайго падначаленага – машыніста асфальта-бетоннага завода Ю.І.Федарэнку. “Пакуль у руках не патрымаеш, вопыту не атрымаеш. А Юрый Іванавіч самы сталы практык не толькі на заводзе, але і наогул у нашай арганізацыі – больш трыццаці гадоў працуе на адным месцы”.

Атрымалася амаль што прымаўка, якая, дарэчы, мае да Ю.Федарэнкі самае непасрэднае дачыненне. Што-што, а асфальт за свой век патрымаў у руках не дзясяткі і не сотні – тысячы разоў, паколькі менавіта ён першым сочыць за якасцю прадукту, які загружаецца ў машыны. Даўно ўжо на вока бачыць, ці дастаткова бітуму або шчэбеню, ну а калі матэрыял не прайшоў візуальнай паверкі, то бярэ жменю асфальту ў рукі і лепіць “снежку”. Дзедаўскі, стары спосаб, але правераны, па якому машыніст бачыць, што, калі не лепіцца, трэба дадаць у сумесь.

Канечне, пасля праверак Юрыя Іванавіча якасць кантралюецца неаднойчы, на вобласць, напрыклад, выразаецца і адпраўляецца маналіт з кожнага аб’екта. І сёлета ўсе вышэйшыя інстанцыі пацвердзілі дадзеную ім першапачатковую адзнаку – не было ніводнага наракання на якасць.

І хоць пераважную частку часу ён праводзіць на заводзе – калі заканчваецца сезон асфальту, там рыхтуюць пясчана-саляную сумесь для падсыпкі дарог, у філіяле ён выконвае яшчэ і функцыі электрыка. Скончыўшы энергетычны факультэт Гарадоцкага тэхнікума, разбіраецца ў самых складанах схемах. Праўда, бывае, што іх і не “прачытаеш”, бо проста няма на паперы ліній тых жа падземных кабеляў. Даводзіцца спачатку шукаць, а потым ухіляць паломкі. Ну а фронт работ больш чым дастатковы – літаральна ўсе механізмы асфальтнай лініі запускаюцца ад электрычнасці, а абсталяванню больш, чым стаж у ветэрана галіны. Плюс яшчэ электрыка непасрэдна на тэрыторыі ДРБУ-105.

Дарожнікі паміж сабой клічуць работнікаў асфальта-бетоннага завода дзекабрыстамі. Ніякага дачынення да паўстання супраць царскага рэжыму ў Расіі яны, канечне, не маюць. Так называюць іх па рускамоўнай назве снежня, выключна ў якім раней хадзілі ў водпуск. Зараз, калі нагрузка паменела, і летам атрымоўваецца вырвацца, а вось мянушка замацавалася. Ды яны і не супраць – не крыўдная, а наадварот, сведчыць пра занятасць і працавітасць людзей гэтага падраздзялення філіяла.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *