10 снежня прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя Ушацкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, на якой былі падведзены вынікі дзейнасці за 2020-2021 гады, намечаны шляхі ўдасканалення далейшай работы.
Зараз у складзе раённай арганізацыі 38 “пярвічак”, членамі якіх з’яўляюцца 585 чалавек. 54 з іх сталі дэлегатамі канферэнцыі. На пасяджэнні прысутнічаў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі.
“Названы перыяд быў адзначаны для нас актыўным удзелам у грамадска-палітычных, патрыятычных і сацыяльна значных справах, – падкрэсліла ў сваім выступленні старшыня раённай арганізацыі Наталля Мікалаеўна Марковіч. – Ужо сталі традыцыйнымі маштабныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны, Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і многія іншыя – і ніводнае з іх не абыходзіцца без актывістаў “Белай Русі”. Патрыятызм і памяць пакаленняў для членаў арганізацыі – не проста прыгожыя словы: мы віншуем ветэранаў вайны і працы са святамі, добраўпарадкоўваем помнікі”.
◆ “Ушацкая раённая арганізацыя адбылася, яна запатрабаваная. Пад эгідай “Белай Русі” аб’ядналіся людзі, якія хочуць і гатовы ўнесці свой уклад у развіццё раёна не толькі на працоўным месцы, а і праз удзел у грамадскіх справах, стаць апорай і падтрымкай мясцовай улады, – рэзюмавала Н.М.Марковіч. – Зроблена, канечне, нямала, аднак нашу работу неабходна удасканальваць, шукаць новыя падыходы. У першую чаргу, пашыраць рады членаў грамадскага аб’яднання, ствараць новыя пярвічкі ў працоўных калектывах”.
У традыцыях “Белай Русі” – дабрачынная дзейнасць. Так, напярэдадні сёлетняга Дня ведаў была праведзена акцыя “Букет дабрыні”, падчас якой сродкі, што бацькі звычайна трацяць на кветкі, былі пералічаны на аказанне дапамогі хворым дзецям. Маленькія жыхары дома сямейнага тыпу і пажылыя грамадзяне з аддзялення кругласутачнага прабывання ў Вяркудах атрымлівалі падарункі ў рамках акцый “Нашы дзеці”, “У Новы год – з Белай Руссю” і да 8 Сакавіка. У супрацоўніцтве з аддзяленнямі ТЦСАН для людзей з абмежаванымі магчымасцямі былі арганізаваны паездкі ў тэатр і на экскурсіі.
Арганізацыя заўсёды знаходзілася ў эпіцэнтры палітычнага жыцця раёна, удзельнічала ва ўсіх кампаніях па выбарах. Грамадская прыёмная “Белай Русі” ў такія перыяды станавілася перадвыбарчым штабам кандыдатаў, якіх падтрымлівае аб’яднанне, актывісты ўваходзілі ў склад ініцыятыўнай групы кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі, раённай і ўчастковых камісій, былі назіральнікамі на выбарчых участках для галасавання. Члены арганізацыі ў складзе дэлегацыі раёна прымалі ўдел у VI Усебеларускім народным сходзе.
Вельмі шмат робіць арганізацыя па навядзенні парадку на зямлі. Яе члены актыўна працавалі на суботніках і “Тыдні лесу”, у рамках акцыі “Белая Русь упрыгожвае Беларусь” садзілі дрэвы, займаліся добраўпарадкаваннем райцэнтра. Мы ўжо расказвалі, што за апошнія некалькі год ва Ушачах сумесна з УП ЖКГ і лясгасам былі пабудаваны тратуар на вуліцы Віцебскай, драўляны пешаходны мост праз раку Ушачу, прыступкі ля магазіна “Санта”.
Арганізацыя ўручыла падарункі маладым сем’ям, якія ўдзельнічалі ў раённых конкурсах па добраўпарадкаванні і сямейнай творчасці, падтрымлівала таленавітую моладзь, віншавала працоўныя калектывы з нагоды юбілейных урачыстасцяў. Набывала медыцынскія маскі для сацработнікаў у складаны момант пачатку эпідэміі каранавіруса, у Дзень медыцынскіх сясцёр уручыла падарункі медработнікам, якія з’яўляюцца актывістамі арганізацыі. Прыз ад “Белай Русі” павезлі з сабой і пераможцы заездаў першага сёлетняга этапу Кубка Беларусі па ралі-спрынце.
Пра дзейнасць пярвічных арганізацый райвыканкама і Ушацкай школы на канферэнцыі расказалі іх старшыні В.М.Шахноўская і Т.У.Крахотка. Гэтыя “пярвічкі” ў ліку самых шматколькасных і актыўных, іх члены не толькі ўздельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, а і папулярызуюць ідэі грамадскага аб’яднання ў сваіх калектывах. Справаздачу аб дзейнасці кантрольна-рэвізійнай камісіі раённага аб’яднання дала яе старшыня В.П.Александровіч.
Дэлегаты канферэнцыі зацвердзілі новы савет раённай арганізацыі, у які ўвайшло 11 чалавек. Тут жа адбылося яго першае пасяджэнне, на якім абралі прэзідыум савета і старшыню раённай арганізацыі – высокі давер зноў аказаны Н.М.Марковіч. Яе намеснікам будзе Н.І.Гардзіёнак.
На правах новаабранага лідара Наталля Мікалаеўна выканала прыемную місію: уручыла членскія білеты маладому папаўненню арганізацыі – Святлане Акулёнак і Таццяне Краўчанка. Традыцыйна “Белая Русь” ушаноўвае сваіх актывістаў. У гэты раз Падзякі раённай арганізацыі атрымалі “пярвічкі” ТЦСАН (старшыня – А.В.Шаўчэнка), Ушацкай ЦРБ (М.Г.Харэвіч), філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства (Т.А.Кміта), УП ЖКГ (П.М.Пашкоў), ААТ “Ільюшынскі” (А.В.Халімоненка), Ушацкай СШ (Т.У.Крахотка), аддзела па аказанні страхавых паслуг (Т.В.Зімніцкая). “Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі ўсім нашым актывістам, арганізацыям раёна, з якімі мы плённа супрацоўнічаем, за іх значны ўклад у агульную справу. Дзякуючы вам “Белая Русь” дастойна выконвае сваю высокую місію – кансалідуе грамадства ў імя развіцця і працвітання нашай краіны”, – зазначыла Н.М.Марковіч.
Наталля БАГДАНОВІЧ.