Узнали, как рыбаки испытывают лёд и судьбу. Совместный рейд на водоёмах Ушаччины с представителями МЧС и ОСВОД

Общество

На мінулым тыдні з першым ільдом на азёрах сталі з’яўляцца і трагічныя навіны. У Гарадоцкім раёне праваліўся пад лёд і не змог выбрацца 70-гадовы пенсіянер. У Лепельскім цудам удалося пазбегнуць сумнага фіналу тром рыбакам: двух на возеры Бораўна выратавалі відавочцы, яшчэ аднаго на вадаёме Шчыбат – супрацоўнікі МНС. У суботу падчас сумеснага рэйду з прадстаўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і раённага таварыства выратавання на водах мы высветлілі, што нямала тых, хто выпрабоўвае лёд і лёс і на Ушаччыне.

– Вы што, не ўяўляеце, якое гэта задавальненне і самы лепшы адпачынак? А лёд вытрымае, мы ж каля берага, – былі ўпэўнены рыбаловы, якіх сустрэлі на першай жа кропцы свайго маршруту – возеры Ваўчо. На лёд нават не заходзілі – яго колер падказваў аб яўнай ненадзейнасці. Менш 5 сантыметраў была таўшчыня покрыву і на вадаёме ў Арэхаўне, а на сярэдзіне возера віднеўся рыбак. Не трэба было доўга ўглядацца, каб убачыць аматараў лоўлі і на Лутаве і Глыбачцы, ды і немалая колькасць прыпаркаваных уздоўж дарогі машын сведчыла, што яны тут ёсць.

– Вас жа, пэўна, чакаюць дома. Уяўлялі сабе, што будзе, калі не вернецеся? – пытаемся ў мужчын.

– Ну што вы, лёд не такі ўжо і тонкі, бераг блізка, а там, дзе бачны вымоіны, я не пайду, – чуем у адказ. Дарэчы, кожны, з кім удалося пагутарыць, упэўнены, што з ім нічога не здарыцца. Між тым, мароз не паспеў усюды аднолькава і моцна скаваць вадаёмы, сваю каварную справу могуць зрабіць вымоіны ці падводныя ключы, перапады тэмператур – якраз да выхадных моцны мароз змяніўся плюсам і дажджом, некаторыя вадаёмы раёна практычна не замерзлі.

Найбольшую ж колькасць рыбакоў у гэты дзень убачылі на возеры Люкташ. Лёд на вадаёме месцамі дасягнуў бяспечнай адметкі ў 7 см, аднак вельмі непрыемна патрэскваў. Менавіта тут роўна год таму абарвалася жыццё маладога ўшачаніна, які праваліўся пад лёд. Ні гэты факт, ні вянок на возеры, як напамін аб страшнай трагедыі, не спыніў добры дзясятак нашых землякоў, у тым ліку жанчын! Усе яны былі захоплены працэсам – у гэты дзень тут быў добры клёў на шчупака…

У кожнага з рыбаловаў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях І.В.Кошкін і старшыня раённага таварыства выратавання на водах Г.В.Рубанік пыталіся пра наяўнасць сродкаў выратавання. Многія дэманстравалі вяроўкі і адвёрткі, а вось камізэлькі не меў ніхто. Канечне, яна не дасць гарантыі, што вы не праваліцеся пад лёд, аднак падоўжыць час знаходжання на паверхні, а значыць – дасць шанц на выратаванне. Нагадалі прадстаўнікі службаў і што рабіць, калі ўсё ж лёд не вытрымаў: самае галоўнае – не панікаваць. Пакуль паміж слаямі адзення застаецца паветра, вы зможаце трымацца на плыву. Каб выбрацца з палонкі, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўце рукі, тым самым вы павялічыце плошчу апоры. Выбраўшыся з вады, ні ў якім разе не ўставайце, бо можна зноў праваліцца. Неабходна адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага. Калі трэба аказаць дапамогу бліжняму, узбройцеся доўгай палкай, дошкай, рэменем, ляжце на лёд і паўзіце да палонкі. Калі пацярпелы ўхопіцца за прадмет, падцягніце яго на паверхню лёду, але не рэзкім рухам. Калі чалавек выберацца з вады, пачынайце разам паўзком перасоўвацца да берага, паводдаль адзін ад аднаго.

* * *

Тым часам першы лёд прадаўжае забіраць чалавечыя жыцці. У Сенненскім раёне на рыбалку адправілася сямейная пара – у жывых засталася толькі жонка. На выхадных ушацкія выратавальнікі выязджалі на сігнал аб тонучым чалавеку на возеры Янова ў Полацкім раёне, але дапамагчы 59-гадоваму мужчыне не ўдалося…

Беражыце сябе, не рызыкуйце! Хіба столькіх прыкладаў не дастаткова, каб зразумець, што жыццё даражэй шчупака і азарту?

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *