Няма, пэўна, большай радасці, калі на схіле гадоў чалавека акружаюць любячыя дзеці і ўнукі, якія дораць сваю ўвагу, цеплыню, пяшчоту, дапамагаюць і не просяць нічога ўзамен. Соф’ю Андрэеўну Коўшаль з вёскі Красоўшчына Сарочынскага сельсавета можна смела назваць багатай. Але багацце яе не ў матэрыяльных каштоўнасцях, а ў родных і блізкіх: Соф’я Андрэеўна мае пяцёра дзяцей, 15 унукаў і 18 праўнукаў! Далёка не кожны можа пахваліцца такім скарбам.
Нарадзілася яна ў вёсцы Плігаўкі. Нялёгкім было дзяцінства ў вялікай сям’і, з малых гадоў чацвёра дзяцей ва ўсім дапамагалі бацькам, былі прывучаны да вясковай працы. Юнацкія гады прыпалі на цяжкае ваеннае ліхалецце. Соф’я Андрэеўна добра памятае той час, калі прыходзілася не проста жыць, а выжываць. Яшчэ цяжэй стала, калі сям’я страціла кармільца – бацька быў забіты. І дзевятнаццацігадовая дзяўчына смела бралася за любую мужчынскую справу.
Хутка яна сустрэла сваё каханне, нарадзілася сям’я, якая стала жыць у Красоўшчыне. Муж Соф’і Андрэеўны быў выдатным цесляром, хату пабудаваў сваімі рукамі, дапамагаў у гэтай справе аднавяскоўцам.
З нараджэннем дзяцей сям’я стала больш моцнай і трывалай. У штодзённых клопатах праходзіў кожны дзень, падрасталі дзеці.
С.А.Коўшаль працавала кладаўшчыком, даглядчыцай цялят, рабочай у былым калгасе “Праўда”, з дамашняй гаспадаркай, якая была немалая, дапамагалі спраўляцца дзеці.
– Працавалі з самай раніцы да позняга вечара, старэйшыя даглядалі меншых, так непрыкметна і выраслі, сталі самастойнымі, – гаворыць Соф’я Андрэеўна.
Ужо пяць гадоў яна жыве адна ў сваёй роднай Красоўшчыне. Сёння ў гэтым маляўнічым куточку раёна, дзе побач знаходзіцца прыгожае возера, засталося зусім мала жыхароў, а раней, успамінае С.А.Коўшаль, гэта была вялікая вёска, дзе пражывала шмат людзей працаздольнага ўзросту, пастаянна звінелі дзіцячыя галасы. Сёння яны чуваць, толькі калі да каго-небудзь прыязджаюць адпачыць унукі.
Наведваюць яны і Соф’ю Андрэеўну. І не толькі ўнукі, але і праўнукі. Усімі імі яна ганарыцца і з задавальненнем расказвае, як яны ўладкавалі- ся ў жыцці.
– Хутка ў мяне з’явіцца дзевятнаццаты праўнук! – з радасцю паведаміла жанчына. З яшчэ большай паказала фотаздымкі сваіх унукаў, якія яна пераглядае кожны дзень.
Дзеці Соф’і Андрэеўны жывуць недалёка, а таму ёсць магчымасць часцей прыязджаць. Старэйшая Галіна – у Слабадзе, Зінаіда і Уладзімір – у Арэхаўне, Валянціна – у суседніх Шнітках, а малодшая Ірына ў Лёзненскім раёне. Не забываюць наведаць бабулю, павіншаваць са святамі, проста папытацца пра справы ўнукі, праўнукі.
Вельмі любіць Соф’я Андрэеўна вязаць, колькі розных рэчаў зроблена яе рукамі! Заўсёды цікавіцца ўсімі навінамі, некалькі разоў перачытвае кожны нумар раённай газеты.
Вясной жанчыне споўніцца 84 гады. Усё часцей падводзіць здароўе, але тая ўвага, якой акружаюць любячыя людзі, лепш за любыя лекі. А думкі пра ўсіх дзяцей, унукаў, праўнукі.