У любой справе важна добра адпачыць, каб набрацца сіл, энергіі. Зразумела, рады былі жывёлаводы КУСГП “Арэхаўна” работнікам культуры, удзельнікам аўтаклуба, якія завіталі ў канцы мінулага тыдня на ферму ў Ліпаўках.
Галоўны эканаміст гаспадаркі Т.А.Кміта расказала прысутным аб асноўных задачах, якія пастаўлены кіраўніцтвам вобласці ў сферы жывёлагадоўлі і раслінаводства. Яна таксама адзначыла, што ў апошнія гады ферма паказвае ўсё лепшыя вынікі і трымае ўпэўненае лідэрства сярод ферм гаспадаркі. Больш таго, па надоях за 2010 год ферма Ліпаўкі ўвайшла ў тройку лепшых у раёне, саступіўшы толькі даяркам з “Райаграсэрвіса” – 4136 кілаграмаў малака на карову. Немалаважным па-ранейшаму застаецца не толькі колькасць надоенага малака, але і яго якасць. У КУСГП “Арэхаўна” 23 працэнты прадукцыі здаецца “экстрай”.
Работнікі культуры павіталі працаўнікоў, уручылі загадчыцы фермы Л.П.Станкевіч і лепшай даярцы А.А.Спірыдовіч вялікі каравай. Затым для ўсіх прагучалі любімыя песні і вясёлыя байкі, гумарэскі.
У гэты ж дзень такое мерапрыемства прайшло на ферме Увалокі. Да пазіцый лідэраў ім яшчэ трэба шмат працаваць, яны намнога адстаюць ад сваіх калег з Ліпавак. Надой па ферме за мінулы год склаў толькі 2348 кілаграмаў. Аднак і гэта ўжо плюсавы паказчык да папярэдняга года. Ёсць на каго раўняцца і да чаго імкнуцца.
Ва Увалоках працаўнікам таксама быў уручаны прыгожы каравай, а песні ў выкананні І.Клімавай і Г.Краўчонак пад акампанемент Ю.Канстанцінава і Л.А.Пашута, гумарэскі ўшацкіх паэтэс у выкананні І.Клачок узнялі настрой.
Такі адпачынак для жывёлаводаў стаў не толькі карысным, але і запамінальным. Падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і надалей.
В.ПОЛАЗАВА.