Расслабляться нельзя! Не за горами новая волна коронавируса — провакцинируйтесь

Общество

Нягледзячы на паляпшэнне эпідсітуацыі ў краіне і ва Ушацкім раёне, у прыватнасці, расслабляцца зараз, упэўнены спецыялісты, ні ў якім разе нельга. Не за гарамі чарговая хваля каранавіруса, прычым, даволі складаная.

На мабільным пункце вакцынацыі.

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, новы штам “Амікрон” распаўсюджваецца лягчэй, чым іншыя варыянты COVID-19, паколькі ўтрымлівае частку віруса прастуды. Пад удар могуць трапіць літаральна ўсе, у тым ліку моладзь, дзеці. Яшчэ адзін нюанс, які павінен насцярожыць, – вельмі кароткі прамежак часу паміж каранавіруснымі хвалямі. Не кожны арганізм здолее пасля перанесенага нядаўна захворвання зноў з ім справіцца. Ну а па-трэцяе, “функцыянаваць” COVID-19 на гэты раз будзе паралельна з грыпам, што таксама надзвычай небяспечна.

– Што можна параіць ушачанам? Як мага хутчэй правакцынавацца! – кажа намеснік галоўнага ўрача райбальніцы па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Н.В.Дрозд. – Зрабіць гэта па-ранейшаму можна ў паліклініцы і бальніцах сястрынскага догляду, на працоўным месцы і дома (па папярэдняй заяўцы), а таксама на мабільных пунктах вакцынацыі. Нагадаю, што працуюць апошнія кожны дзень: з панядзелка па пятніцу – з 9 да 12 гадзін у будынку дзіцячай бібліятэкі (г.п.Ушачы, вул.Ленінская, 28), у суботу і нядзелю – з 10 да 13 гадзін у цэнтры культуры і народнай творчасці.

Вось толькі жадаючых скарыстацца надзейнай зброяй у барацьбе з каранавірусам (так называюць вакцынацыю эксперты медгаліны) пакуль нямнога. Па словах Наталіі Васільеўны, у мінулыя выхадныя на мабільным пункце праімунізавалася 28 жыхароў раёна, з панядзелка па сераду – толькі 12. Медыкі спадзяюцца, што актыўнасць у гэтым пытанні з боку ўшачан у бліжэйшы час павысіцца.

Што датычыцца вакцын, з імі праблем няма. Днямі ў райбальніцу паступіла чарговая партыя “Спутніка V” (два кампненты па 150 доз), кітайскага прэпарата (1200 доз). Ёсць у наяўнасці і “Спутнік Лайт”. Дарэчы, выкарыстаць яго цяпер можна не толькі для рэвакцынацыі – па афіцыйных даных, падыдзе прэпарат і для тых, хто перанёс каранавірус, а пасля выздараўлення прайшло 2-4 тыдні.

– Пакуль дазваляе эпідсітуацыя, раім жыхарам раёна, якія маюць розныя паталогіі, не адкладваць таксама ў доўгую скрыню праходжанне абследавання, рэабілітацыі, – падкрэслівае Н.В.Дрозд. – Падчас хуткай хвалі каранавіруса зрабіць гэта будзе праблематычна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *