Прыемны сюрпрыз чакаў на мінулым тыдні работнікаў і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Ушацкага раёна.
З сертыфікатам на набыццё абсталявання для сублімацыйнага друку ў госці да іх завіталі намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама С.А.Белагрыўцаў і галоўны бухгалтар філіяла “Маяк-Ушацкі” Д.А.Чарнаок. Прыгаданыя службы пры ўдзеле Полацкага малочнага камбіната ўзялі на сябе фінансаванне названага тэхсродку, дарэчы, нятаннага.
Як адзначыла загадчыца аддзялення Н.М.Глінская, дзякуючы такому падарунку, атрыманаму да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь, у бліжэйшы час значна пашырыцца асартымент сувенірнай прадукцыі, якая ідзе на рэалізацыю. Ушачане з абмежаванымі магчымасцямі навучацца наносіць дэкаратыўныя малюнкі на кубкі, талеркі, майкі, кепкі. Такая прадукцыя ў жыхароў раёна зараз даволі запатрабаваная, таму без карыснага занятку і заробку, патрэбнага для далейшых творчасці і развіцця, наведвальнікі аддзялення не застануцца.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.