Ушачанка Надежда Романовская принимала тёплые поздравления и награды от областного руководства

Общество

Мінулая пятніца для нашай юнай вакалісткі Надзеі Раманоўскай была вельмі насычанай на падзеі, хваляванні і эмоцыі. Ёй давялося тройчы выходзіць на віцебскія сцэны, даваць інтэрв’ю для тэлебачання і выслухоўваць кампліменты ад… абласнога кіраўніцтва.

Пачаўся ж дзень з рэгіянальнага адбору на дзіцячы конкурс фестывалю “Славянскі базар у Віцебску-2022”. Хоць наша зямлячка выходзіла на сцэну пад першым нумарам, хвалявалася, напэўна, менш за іншых удзельнікаў этапу (а іх сёлета было аж 39). Надзя ўжо трэці раз спрабуе сябе ў гэтым творчым спаборніцтве, нязменна трапляе ў пяцёрку лепшых выканаўцаў вобласці, а пазалетась нават прабілася ў фінальную дзясятку прэтэндэнтаў на права прадставіць Беларусь на прэстыжным форуме. Разам з выкладчыкам эстраднага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Аленай Анатольеўнай Сазонавай сёлета яны падрыхтавалі новую праграму: беларускую песню “Размовы”, аранжыроўку якой зрабіў педагог ДШМ Уладзімір Ігаравіч Мірончыкаў, і твор з рэпертуару амерыканскай групы “Destiny’s Child” “Абараняйце любоў!”, тэкст якога сугучны сённяшнім сусветным рэаліям, заклікае аб’ядноўвацца, каб разам параадольваць выпрабаванні.

А вось дачакацца рашэння журы Надзея не змагла: трэба было паспець на яшчэ адну імпрэзу – ушанаванне лаўрэатаў прэміі абласнога Савета дэпутатаў за заслугі ў творчай сферы. Мы ўжо паведамлялі, што наша зямлячка ўвайшла ў іх лік, зараз жа ў актавай зале Віцебскага музычнага каледжа была наладжана ўрачыстасць, на якой старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў уручыў дзецям і моладзі ганаровыя ўзнагароды (на здымку). Зрэшты, ад Уладзіміра Уладзіміравіча Надзея, а таксама ўсе прысутныя, і даведаліся пра вынікі абласнога адбору на “Славянскі базар”. “Вось гэтая прыгажуня набрала самую вялікую колькасць балаў і прадставіць наш рэгіён у наступным туры!” – паведаміў ён са сцэны і цёпла павіншаваў дзяўчыну, яе бацькоў і педагогаў.

Мы ж будзем сачыць за далейшымі перыпетыямі конкурсу і жадаць нашай зорачцы яшчэ шмат такіх жа насычыных, трыумфальных дзён.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *