Агульнавядомы прынцып алімпійскіх спаборніцтваў “хутчэй, вышэй, мацней” атрымаў дадатак “дружна” на мерапрыемстве “Спорт роўных магчымасцяў”, якое прайшло на мінулым тыдні ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”. Удзел у ім прынялі інваліды і валанцёры сацслужбаў з пяці раёнаў Віцебшчыны: Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Лепельскага, Чашніцкага і Ушацкага. Насычаную ж праграму для іх, якая мела на мэце найперш актыўнае, цікавае баўленне часу, падрыхтавалі нашы фізкультурна-спартыўны клуб і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Азарту, імкнення да перамогі пажадалі ігракам падчас урачыстага адкрыцця спартландыі намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч і дырэктар ТЦСАН Ушацкага раёна К.В.Коршун. У тым, што “градус” турнірнай інтрыгі, нягледзячы на “спецыфічнасць” мерапрыемства, будзе высокім, сумненняў у іх не было.
І сапраўды, на працягу дзвюх гадзін удзельнікі каманд, якія ў большасці сваёй маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, выпрабоўвалі свае сілы ў імправізаваным боўлінгу, на хуткасць складалі пажаданне сапернікам, пры дапамозе абручоў перакочвалі мячы, пераносілі “апельсіны” і нават асвойвалі гульню ў хакей. Шматлікія ж балельшчыкі тым часам з азартам сачылі за ходам падзей, бурнымі апладысментамі падтрымлівалі ігракоў.
Яркіх уражанняў мерапрыемству дадалі вакальныя, харэаграфічныя нумары культработнікаў Ушаччыны, гурткоўцаў цэнтраў дзяцей і моладзі, культуры і народнай творчасці, юных наведвальнікаў спартыўна-аздараўленых груп ФСК.
– Сёння, нягледзячы на розную колькасць набраных камандамі балаў, несумненна, перамагло сяброўства! – падводзячы вынікі спартландыі, зазначылі арганізатары. – Сваёй бадзёрасцю, сілай духу кожны з вас даказаў, што ўсе выпрабаванні лёсу пераадольныя, а жыццё з хваробай – не прысуд!
І ўсё ж заслужаны кубак пераможцы, дарэчы, як і ў мінулым годзе, дастаўся камандзе “Чэмпіён” з Чашніцкага раёна. Не адбылося змен і сярод прызёраў: “срэбра” – у “Аптымістаў” з Ушач, “бронза” – у “Сяброў” з Лепеля. Дарэчы, усе яны і іншыя ўдзельнікі атрымалі ў гэты дзень дыпломы і салодкія падарункі ад сектара спорту і турызму райвыканкама. Дапоўніць радасць спартыўнай сустрэчы паспяшалася і Ушацкая раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” – спецыяльны прыз “За волю да перамогі” атрымаў прадстаўнік чашніцкай каманды Віталь Вяціарэц.
– Хоць і паказалі сёння “сціплы” вынік, сустрэчай засталіся задаволеныя! – падзяліліся з намі прадстаўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Глыбоцкага раёна. – Дарэчы, знайсці яшчэ больш сяброў дапамог наш галоўны балельшчык – роставая фігура ў выглядзе спартыўнага мяча, з якой усе мусілі сфатаграфавацца. Дзякуем ушачанам за выдатнае мерапрыемства, якое дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі паверыць у сябе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.